У Расіі затрымалі грамадзяніна Беларусі, яго абвінавачваюць у дыверсіі
Беларуса затрымлівалі трое спецназаўцаў
У Расіі затрымалі грамадзяніна Беларусі, яго абвінавачваюць у дыверсіі, паведамляе ФСБ РФ. Затрыманаму 26 гадоў. ФСБ схапіла яго ў Варонежы. Падпал цягавай электрападстанцыі адбыўся ў Туле 6 лютага.
Па версіі ФСБ, беларус дзейнічаў "па заданні ўкраінскіх спецслужбаў" і меў заданне ўчыняць "дыверсіі і тэракты на аб'ектах грамадзянскай інфраструктуры РФ". Сцвярджаецца, што за праведзеныя акцыі абяцалася грашовая ўзнагарода. У Тулу грамадзянін Беларусі прыехаў 5 лютага. Там жа на месцы "вырабіў самаробнае запальнае прыстасаванне і ажыццявіў падпал электрападстанцыі".
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "дыверсія". Грамадзяніну Беларусі пагражае да 20 гадоў зняволення.
ФСБ сцвярджае, што беларус раней быў асуджаны за хуліганства "з выкарыстаннем зброі, выбуховых ці гаручых рэчываў". І нядаўна выйшаў на волю.
Гэта не першае затрыманне ў Расіі беларусаў за правядзенне дыверсій. Сёлета ФСБ схапіла 52-гадовага Сяргея Ерамеева, якога абвінавачваюць у падрыве двух грузавых цягнікоў на БАМе. У судзе ён заявіў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць пастаўкам вайсковых грузаў з КНДР для расійскай арміі, якая ваюе супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.