У Расіі знішчылі 8 тысяч тон садавіны і гародніны, прывезеных з Беларусі

У Расіі знішчылі 8 тысяч тон садавіны і гародніны, прывезеных з Беларусі

У Расіі з лета 2015 года знішчылі крыху больш за 8 тысяч тон садавіны і гародніны, прывезеных з Беларусі. Высветлілася, што гэта была санкцыйная сельскагаспадарчая прадукцыя.

Прэс-служба "Рассельгаснагляду" адзначае, што з часу, калі расійскі ўрад увёў антысанкцыі ў адносінах сельскагаспадарчай прадукцыі з ЕС і шэрагу іншых краін, Беларусь "пераўтварылася ў буйнога рээкспарцёра плодаагародніннай прадукцыі". Значна павялічыліся аб'ёмы паставак "нехарактэрнай" падкаранціннай прадукцыі, як для Беларусі, так і для краін, якія яе рээкспартавалі праз беларускую тэрыторыю.

"Рассельгаснагляд" падкрэслівае, што беларускі бок "недастаткова эфектыўна" праводзіць аналіз сапраўднасці фітасанітарных і рээкспартных сертыфікатаў. З-за гэтага расіяне былі вымушаныя рэалізаваць комплекс мер "па недапушчэнні ўвозу санкцыйнай прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю". Стварэнне часовых фітасанітарных пунктаў на беларуска-расійскай мяжы, а таксама праверка сапраўднасці дакументаў паказалі, што існуюць незаконныя схемы паставак садавіны і гародніны з тых жа краін ЕС (пад выглядам прадукцыі з іншых краін).

Адзначаецца, што са жніўня 2014-га да кастрычніка 2016 года расіяне выявілі 576 выпадкаў паступлення падкаранціннай прадукцыі, якая прайшла першасны кантроль у Беларусі. У больш за 11 тысяч тон грузаў былі падробленыя дакументы такіх краін, як Марока, Турцыя, Ізраіль, Туніс, Македонія, Сербія ды іншых. Працягваюцца фіксавацца выпадкі ўвозу ў Расію падкаранціннай прадукцыі пад выглядам "тавараў прыкрыцця".

"Рассельгаснагляд" прыводзіць нямала прыкладаў парушэнняў, якія даюць яму падставу заявіць пра наяўнасць "адладжаных каналаў паставак санкцыйнай прадукцыі з Рэспублікі Беларусь". Прыводзіцца прыклад, што як толькі расійскі бок забараняе пастаўкі прадукцыі з пэўных афрыканскіх краін, адразу ж тая ж прадукцыя ўводзіцца з "арыгінальнымі фітасанітарнымі дакументамі" іншых краін Афрыкі. Таксама згадваецца дзіўная гісторыя з беларускімі яблыкамі. Як толькі ў снежні 2015-га расійскі бок запатрабаваў пастаўкі свежых яблык з пазначэннем месца іх вытворчасці, на працягу 2016-га адбылося рэзкае скарачэнне (амаль у 5 разоў) іх паставак з Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі