У Ратэрдаме з-за пагрозы тэракту адмянілі рок-канцэрт

У Ратэрдаме з-за пагрозы тэракту адмянілі рок-канцэрт

У галандскім горадзе Ратэрдам выступ амерыканскага рок-гурта Allah-Las адмянілі ў апошнюю хвіліну з-за пагрозы тэракту. Каля канцэртнай залы "Маас" знайшлі фургон з газавымі балонамі. Па словах мэра Ратэрдама, інфармацыя пра магчымую пагрозу паступіла ад іспанскай паліцыі, перадае Бі-Бі-Сі.

Паліцыя затрымала кіроўцу фургона з іспанскімі нумарамі. Мэр Ратэрдама падкрэсліў, што пакуль невядома, ці ёсць сувязь паміж меркаванай пагрозай і знойдзеным фургонам.

Сам аўтамабіль агледзела брыгада сапёраў. Канцэртную залу ачапілі паліцыянты ў бронекамізэльках, а гледачоў разварочвалі на ўваходзе.

Інфармацыя ад іспанскай паліцыі паступіла праз тыдзень пасля тэрактаў у Барселоне і Камбрыльсе, дзе загінулі 15 чалавек. Перад гэтымі тэрактамі адбыўся выбух у жылым доме ў горадзе Альканар, у якім было выяўлена больш за 100 газавых балонаў. Іспанскія праваахоўнікі мяркуюць, што тэрарысты з іх дапамогай збіраліся зладзіць маштабныя выбухі ў галоўных славутасцях Барселоны.

Музыкі з гурта Allah-Las у 2016 годзе распавялі газеце Guardian, што рэгулярна атрымліваюць пагрозы ад мусульманаў, якіх абражае слова "Алах" у назве калектыву.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі