У старыя праграмы ўставілі слова "лібералізацыя"

Такой бачаць дзяржаўную антыкрызісную праграму вядучыя эканамісты краіны Беларускі ўрад зацвердзіў антыкрызісную праграму, тэкст якой засакрэцілі ад грамадства. Еўрарадыё папрасіла вядучых эканамістаў краіны ацаніць эфектыўнасць гэтай праграмы і прапанаваць свае першыя крокі для выхаду з крызісу.

У праграме няма разумення, што рабіць, і ў ёй адлюстраваныя праблемы ўчорашнія, а сёння сітуацыя іншая, лічыць рэктар Маскоўскай бізнэс-школы Павел Данэйка:

"Мы пакуль заўтра ўяўляем сабе ўчорашнім днём. Таму ўсе гэтыя меры састарэлыя. Крызіс - гэта нараджэнне новага. Трэба зразумець, якая эканоміка будзе заўтра, і дапамагчы ёй нарадзіцца. У гэтым павінна быць логіка антыкрызісных мер".

Нічога новага ў праграме не бачыць і эканаміст Сяргей Чалы:

"Ім сказалі: трэба пісаць пра лібералізацыю. Яны бяруць старыя праграмы і ўстаўляюць слова "лібералізацыя". Тут парадаксальная сітуацыя. Адміністрацыя прэзідэнта зацікаўленая і патрабуе. А людзі даўно ўжо развучыліся пісаць праграмы, якія можна рэалізаваць. Ёсць у мінэканомікі праграма прыцягнення замежных інвестыцый, так яна 10 гадоў і не змянялася".

Апарат кіраўніцтва не можа напісаць нармальную праграму, бо многія там не разумеюць сітуацыю, таму што маюць тэхнічную адукацыю, лічыць чалец грамадска-кансультатыўнага савета пры адміністрацыі прэзідэнта Леанід Заіка:

"Я ведаю, што ёсць супярэчнасці ў самім апараце ўрада. Таму што ў шмат якіх кіраўнікоў тэхнічная адукацыя. Яны пакуль нават не разумеюць, што адбываецца ў эканоміцы"

Якія ж крокі прапаноўваюць нашыя эканамісты?

На думку Сяргея Чалага, каб з'явіліся антыкрызісныя крокі, трэба задумацца не над тым, як змагацца з крызісам, а над тым, як распрацаваць базу росту. І пазбавіцца ад перажыткаў старой сістэмы:

"Была спроба скрыжаваць капіталізм з сацыялізмам. І паколькі гэтая сістэма працавала кепска, то яе трэба было пастаянна падтрымліваць. Таму ствараліся такія падпоркі - напрыклад, рэгуляванне коштаў, каб стрымаць інфляцыю, і субсідаванне прадпрыемстваў. Цяпер ад гэтага трэба пазбаўляцца. Прыбраць дзяржрэгуляванне коштаў, зарплат. І найважнейшае, што ўся эканоміка цяпер пабудаваная па прынцыпе скрыжаваных субсідый".

Калі спыніць субсідыі прадпрыемстваў і паставіць іх ў роўныя умовы, то адразу стане зразумела, хто вытрымае і каго трэба падтрымаць, а каго трэба зачыніць, дадаў Сяргей Чалы.

Леанід Заіка прапанаваў кіраўніцтву краіны 5 першых антыкрызісных крокаў, адзін з іх  - гэта сыход урада ў адстаўку.

"Першае, што трэба зрабіць, — гэта правесці дасканалую праверку і аналітыку параметраў паказальнікаў беларускай эканомікі.

Другое: на падставе гэтых параметраў вызначыць болевыя кропкі і вектары, па якіх будзе аказана дакладнае ўздзеянне на сітуацыю

Трэцяе: дасканалы адбор сярод кіраўнікоў міністэрстваў спецыялістаў, здольных да прыняцця граматных рашэнняў.

Чацвёртае: спатрэбіцца стварэнне нацыянальнага камітэта, які зможа выпрацаваць праграму дзеянняў. Таму ўсё, што падрыхтавана ўрадам, уяўляе сабой набор мер, выкладзеных рознымі міністэрствамі і ведамствамі. Сістэмнасці ў гэтым няма".

І пятым крокам Леанід Заіка прапанаваў бы сысці ў адстаўку сённяшняму складу ўрада, каб кіраўнік дзяржавы змог на час антыкрызісных мерапрыемстваў даць кіраванне добрай антыкрызіснай камандзе.


Фота — ICS-Новини

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі