У свекрыві Ксеніі Дзягелька міліцыя шукала самвыдат
У жыхаркі райцэнтра Акцябрскі Наталлі Шамяковай міліцыя правяла агляд жылля і падсобных памяшканняў.
Як піша сайт "Флагшток", міліцыянты шукалі самвыдатаўскую газету "Рудабельская паказуха". Яе выдаваў блогер Андрэй Павук, які ў кастрычніку быў вымушаны разам з сям'ёй з'ехаць у Літву. (Рудабелка — ранейшая назва Акцябрскага.)
Па словах міліцыянтаў, у пракуратуру Акцябрскага раёна прыйшло паведамленне аб "распаўсюдзе друкаванай прадукцыі". У звароце гаварылася, што напрыканцы кастрычніка Шамякова "распаўсюджвала друкаваную прадукцыю — два асобніка "Рудабельскай паказухі".
Сама жанчына кажа, што ёй далі пачытаць газету. Пасля гэтага яна перадала яе іншым.
Між тым, міліцыянты планавалі знайсці ў доме Шамякова больш за 300 асобнікаў "Рудабельскай паказухі". Выданне і распаўсюд такой колькасці незарэгістраваных асобнікаў з'яўляецца адміністрацыйным парушэннем.
Дарэчы, сын Шамяковай жанаты з Ксеніяй Дзягелька — дзяўчынай, якая праславілася кліпам "Я из деревни". Саму Ксенію яшчэ ў ліпені бачылі на пікеце за альтэрнатыўнага кандыдата.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.