У табліцу Мендзялеева ўвайшлі чатыры новыя элементы
У табліцу Мендзялеева ўвайшлі чатыры новыя элементы. Яны не маюць пастаянных назваў, толькі нумары — 113, 115, 117 і 118. Назвы прыдумаюць пазней.
Як паведамляе Міжнародны саюз тэарэтычнай і прыкладной хіміі, усе чатыры элементы, якія належаць да звышцяжкіх, былі адкрытыя яшчэ некалькі гадоў таму, аднак экспертам спатрэбіўся час на пераправерку дадзеных.
Першаадкрывальнікам элементаў 115, 117 і 118 прызнаная міжнародная даследчая група, якая складаецца з расійскіх і амерыканскіх навукоўцаў. Гэтая група таксама прэтэндавала на права лічыцца першаадкрывальнікам элемента 113, аднак у выніку эксперты замацавалі гэта адкрыццё за навукоўцамі з Японіі, інфармуе ВВС.
У апошні раз змены ў перыядычную табліцу хімічных элементаў уносіліся ў 2011 годзе. Тады ў яе дадалі элементы 114 і 116 — флеровій і ліверморый. Перыядычная табліца была складзеная хімікам Дзмітрыем Мендзялеевым у XIX стагоддзі. Яе першапачатковы варыянт уключаў 63 элементы.
Фота: Fotolia