У Варшаве пройдзе з’езд беларускіх кінематаграфістаў

У Варшаве пройдзе з’езд беларускіх кінематаграфістаў

У сярэдзіне жніўня ў сталіцы Польшчы адбудзецца нефармальны з'езд незалежных беларускіх кінематаграфістаў. Падзею ладзіць арганізацыя "Беларуская сетка кінематаграфістаў" (БСК) з мэтай аб'яднання беларускіх кіношнікаў для стварэння агульнай стратэгіі развіцця беларускага кіно.

Мерапрыемства адбудзецца ў фармаце анты-канферэнцыі, якая прадугледжвае актыўны ўдзел беларускіх кінематаграфістаў з розным досведам і спецыялізацыяй. Праграму ўдзельнiкi вызначаць самастойна: можна прапанаваць тэму для абмеркавання i ўдзельнiчаць у працы іншых секцый.

Цікава, што трапіць на падзею змогуць не ўсе ахвочыя — арганізатары правядуць прафесійны адбор яе ўдзельнікаў. Гэта будзе ўсяго 30 чалавек з Беларусі ды іншых краін, якіх абяцаюць забеспячыць візавай падтрымкай, выдаткамі на пражыванне, харчаванне, а таксама трансфер.

Дадаткова арганізатары разлічваюць на ўдзел яшчэ гэткай жа колькасцi беларускіх кінематаграфістаў, якія жывуць у Варшаве, а таксама на дапамогу валанцёраў.

Паводле слоў кіраўніка БСК і арганізатара з'езду Леаніда Каліцені, асноўная праблема для беларускіх кіношнікаў — складанасці ў наладжванні сувязяў і дэфіцыт нэтворкінгу.

"У прыватнасці, каля 87% рэспандэнтаў жадалi б абменьвацца досведам з беларускімі калегамі, а амаль 95% фільммэйкераў не хапае зносін з прадстаўнікамі замежнай кінаіндустрыі. Менавіта таму мы даем гэтую магчымасць, якая будзе першым крокам да фармавання нашай кінаіндустрыі і да пашырэння доступу на сусветны рынак для беларускіх кінематаграфістаў", — распавёў Каліценя.

Для ўдзелу ў з'ездзе трэба падаць заяўку да 16 лiпеня 2023 года ўключна. Пра вынік адбору будзе паведамлена не пазней за 20 лiпеня. Акрэдытацыя СМІ ажыццяўляецца таксама праз заяўку да 15 жнiўня ўключна.

Нефармальны з'езд незалежных беларускіх кінематаграфістаў пройдзе 18-20 жніўня на пляцоўцы Imaguru.

Звязацца з арганізатарамі падзеі можна праз пошту: [email protected].

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі