У Варшаве расказалі, як Мінск можа палепшыць адносіны паміж краінамі

МЗС Польшчы

МЗС Польшчы / gov.pl/web/diplomacy

Міністэрства замежных спраў Польшчы адрэагавала на масавыя ператрусы, якія прайшлі на гэтым тыдні ў Беларусі. У польскім МЗС расцанілі гэтыя дзеянні як "чарговы акт бязлітаснай стратэгіі па поўным падаўленні дэмакратыі ў Беларусі". Там нагадалі пра тысячы людзей, асуджаных у Беларусі за ўдзел у пратэстах пасля выбараў 2020 года. На цяперашні момант каля 1500 чалавек маюць статус палітзняволеных і застаюцца ў турмах, а пераследы робяцца ўсё больш маштабнымі і накіраваныя ўжо і супраць духавенства. На думку польскіх дыпламатаў, такая агрэсія з боку беларускіх уладаў з'яўляецца праявай страху і бездапаможнасці.

"Нагнятанне атмасферы страху і ўціхамірванне ўсіх праяў свабоды — гэта шлях, які вядзе да далейшай ізаляцыі і дэлегітымацыі ўлады ў Мінску і, як вынік, да далейшага сур'ёзнага паслаблення суверэнітэту беларускай дзяржавы", — адзначылі ў МЗС Польшчы. Там таксама падкрэслілі, што толькі вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне рэпрэсій можа змяніць палітыку Варшавы ў дачыненні да Мінска. "Мы працягваем заклікаць улады Мінска вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць рэпрэсіі супраць уласнага грамадства. Толькі такія дзеянні могуць прывесці да змены палітыкі Рэспублікі Польшча і сям'і дэмакратычных дзяржаў у дачыненні да Беларусі", — гаворыцца ў заяве польскага замежнапалітычнага ведамства.  

Нагадаем, 28 лістапада масавыя ператрусы прайшлі ў людзей, звязаных з Каардынацыйнай радай, у тым ліку ў Паўла Латушкі, Юрыя Губарэвіча, Сяргея Чалага, супрацоўнікаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі