У Варшаве з'явілася Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой
У Варшаве заснавалі Асацыяцыю беларускага бізнесу за мяжой — АВВА (Association of Belarusian Business Abroad). Яе заснавальнікам сталі былыя чальцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Яўген Буры і Мікалай Пракоф’еў, паведамляе Радыё "Свабода".
Плануецца, што аб'яднанне будзе дапамагаць беларускім бізнесоўцам захаваць і абараніць бізнес для пабудовы фундаменту свабоднай і паспяховай Беларусі.
Прэзідэнт ABBA Буры працаваў раней у дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі Беларусі. Ён быў дарадцам па пытаннях эканамічнай бяспекі і прыватным бізнесе. Ягоны намеснік Пракоф’еў спецыялізуецца ў міжнародным бізнесе, у Беларусі ў яго была прыватная кампанія.
"Цяпер, калі рэжым спрабуе знішчыць прадпрымальнікаў як клас, а бізнес разглядаецца выключна як інструмент фінансавання незаконнай улады, абʼяднанне бізнесу неабходнае як ніколі", — заяўляе Яўген Буры.
Ён дадае, што ABBA — гэта некамэрцыйны праект. У ім працуе каманда эканамістаў і бізнесоўцаў, якія самі прайшлі праз рэпрэсіі, былі вымушаныя пакінуць Беларусь і страцілі бізнес.
Асацыяцыя плануе дапамагаць адкрыць бізнес у іншай краіне, даваць неабходную адукацыю, кансультацыі, даследаванні рынку, займацца пошукаму фондаў і праграмаў іншых краін.
Арганізацыя не ставіць сабе палітычныя мэты, але плануе шчыльна супрацоўнічаць з офісам Святланы Ціханоўскай "для адстойваньня інтарэсаў беларускага бізнесу на самым высокім узроўні".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.