У Віцебску рабочыя ўкачалі ў асфальт дарослыя дрэвы

У Віцебску рабочыя ўкачалі ў асфальт дарослыя дрэвы

Дрэвы па вуліцы Ільінскага ў Віцебску ўкачалі ў асфальт. Карані некалькіх дарослых дрэў каля аўтобуснага прыпынку “СШ № 21” аказаліся замураванымі, калі рабочыя клалі там тактыльную плітку для людзей, у якіх слабы зрок, каб папярэдзіць пра магчымую небяспеку. Калі б не ўвага неабыякавых мінакоў, яны б праз пару месяцаў загінулі без вады і паветра.

Хто і навошта ўкачаў у асфальт дрэвы каля аўтобуснага прыпынку? У Віцебскай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Еўрарадыё расказалі, што такі выпадак у горадзе адбыўся ўпершыню.

“Шчыра кажучы, першы выпадак такі ў маёй практыцы, — распавядае Еўрарадыё кіраўнік інспекцыі Валерый Фандо. — Дрэвы ўкачалі ў асфальт праз безкантрольнасць будаўнікоў. Мы звязаліся з арганізацыяй, зрабілі прадпісанне, паабяцалі сёння ўсё выправіць. 

З дрэвамі ўсё ўпарадку. Няшмат дзён прастаялі. Але пытанне мы ўзялі на кантроль. Дрэннага намеру не было, кажуць. Ну людзі такія безгаспадарлівыя”.

У Віцебску рабочыя ўкачалі ў асфальт дарослыя дрэвы
Пасля выпраўлення

Дрэвы ў асфальт ўкачалі рабочыя віцебскага дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 3. Дырэктар арганізацыі Віталь Капцэвіч расказаў Еўрарадыё, што ведае пра сітуацыю і яе ўжо выправілі. А дрэвы замуравалі ў асфальт праз памылку ў праекце:   

“У праекце бягучага рамонту не была прадугледжаная агароджа бардзюраў. Што маладому майстру далі, тое і зрабіў… Па сваім невялікім досведзе. Асфальт вакол дрэў ужо выразалі, парадак наведзены. Цяпер чакаем прапаноў ад заказчыка, як рабіць далей”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі