У "Вікіпедыі" — амаль 150 тысяч артыкулаў на беларускай мове

У "Вікіпедыі" — амаль 150 тысяч артыкулаў на беларускай мове

З 11 па 17 ліпеня ў Капылі прайшоў "Вікілетнік" — лагер вікіпедыстаў, на якім з беларусамі дзяліліся досведам аўтары з Украіны, Польшчы і Германіі. Удзельнікі летніка давялі да ладу 15 існуючых артыкулаў на беларускай мове і стварылі дзесяць новых — у дадатак да амаль 150 тысяч, якія ўжо існуюць.

Для параўнання: у "Вікіпедыі" 1,4 млн артыкулаў  на рускай мове. У 10 разоў больш, чым па-беларуску! Але арганізатары "Вікілетніка" не губляюць аптымізму.

"Беларуская вікісупольнасць — даволі моцная сіла, — сцвярджаюць яны. — З кожным годам тэмпы працы нарастаюць".

Сімвалам лагера быў абраны слімак — істота, якая вельмі павольна, але метанакіравана паўзе наперад. Вікіпедысты з суседніх краінаў даўно зарэгістравалі нацыянальныя аддзяленні міжнароднага фонду "Вікімедыя", а беларусы дагэтуль марудзяць з гэтым — пра што слімак і нагадваў удзельнікам "Вікілетніка".

Ёсць у беларускай "Вікіпедыі" і артыкул пра Еўрарадыё.

У "Вікіпедыі" — амаль 150 тысяч артыкулаў на беларускай мове
Удзельнікі "Вікілетніка" і той самы слімак. Фота: Mr. Zabej / falanster.by

"Вікіпедыя" — вольная энцыклапедыя, якую супольна пішуць і падтрымліваюць яе чытачы. Яна працуе на спецыяльным тыпе праграмнага забеспячэння, які называецца "вікі" — адсюль і назва праекта. У "Вікіпедыі" ў прынцыпе адсутнічае рэклама. Праца вікіпедыстаў грунтуецца выключна на добрай волі і энтузіязме яе прыхільнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі