У Вялікабрытаніі з'явіліся купюры з партрэтам караля Карла ІІІ
Купюра з партрэтам караля Карла ІІІ / Bank of England
Банк Англіі паказаў банкноты з партрэтам караля Карла ІІІ, перадае Бі-Бі-Сі.
Аднак гэтыя грошы пачнуць замяняць купюры з партрэтам памерлай Лізаветы II толькі з сярэдзіны 2024 года. Замена будзе адбывацца паступова і па меры зносу банкнотаў ці павелічэння попыту. Такі крок Банк Англіі патлумачыў рэкамендацыяй каралеўскага двара і жаданнем пазбегнуць непажаданых экалагічных і фінансавых выдаткаў.
Праўда, зносу старых купюраў давядзецца чакаць доўга: брытанскія банкноты ўжо некалькі гадоў робяць з пластыку. Увесь гэты час купюры з партрэтамі Лізаветы і Карла будуць хадзіць паралельна.
Дарэчы, першыя манеты з профілем Карла III у Брытаніі ўжо трапілі ў абарачэнне. Сямігранныя манеты вартасцю ў пяцьдзесят пенсаў пачалі развозіць па паштовых аддзяленнях краіны на пачатку снежня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.