У Зэльвенскім раёне бацька збіў 4-гадовую дачку — да рэанімацыі
У Зэльвенскім раёне бацька збіў 4-гадовую дачку да рэанімацыі. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, інфармацыя пра гэты інцыдэнт паступіла ў міліцыю позна ўвечары 18 кастрычніка — медыкі паведамілі праваахоўнікам, што ў лякарню паступіла дзіця ў непрытомным стане з мноствам пашкоджанняў.
Паводле версіі следства, мужчына збіў дзіця, бо яно не слухалася. Ён трэс дзяўчынку, біў рукамі і нагамі, потым колькі разоў кінуў яе на тахту, а яшчэ на сцяну, пасля чаго дзіця страціла прытомнасць.
У 25-гадовага мужчыны ёсць яшчэ адно дзіця, дачка 2016 года нараджэння. Дзеці раней адбіраліся з сям’і органамі апекі, бо знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Увосень 2018 года іх вярнулі і перадалі бацьку. Маці пазбаўленая правоў на дзяцей.
Мужчына жыў разам з сужыцелькай, у якой ёсць сваё дзіця. Агрэсара затрымалі. Распачатая крымінальная справа паводле арт. 14 і п. 2 ч. 2 арт. 139 КК РБ (замах на забойства заведама малалетняй асобы). З удзелам фігуранта справы праводзяцца следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні.
Пацярпелая дзяўчынка застаецца ў рэанімацыі ў непрытомным стане. Яе сястру перадалі органам апекі і скіравалі ў лякарню, бо і ў гэтай дзяўчынкі знайшлі прыкметы цялесных пашкоджанняў.