У ЗША да Месяца запусцілі пасадачны модуль "Адысей"
Модуль "Адысей" ва ўяўленні мастака
15 лютага з касмадрома на мысе Канаверал у ЗША быў ажыццёўлены запуск апарата Nova-C (ракетай Falcon 9 кампаніі SpaceX). Гэта прыватны касмічны праект, які, як чакаецца, у хуткім часе зробіць пасадку на месяцовую паверхню, паведамляе "Голас Амерыкі".
Афіцыйна місія называецца IM-1. Гэта абрэвіятура ад назвы кампаніі Intuitive Machines, якая распрацавала праект Nova-C.
Серыя пасадачных модуляў павінны дастаўляць навуковую апаратуру на Месяц. Першы з іх мае назву "Адысей". Яго шлях да арбіты спадарожніка Зямлі зойме менш за тыдзень. Пасадка запланавана прыкладна на 9-ы дзень палёту. Калі ўсё пойдзе па плане, яна адбудзецца ў кратары Малаперт А каля Паўднёвага полюса Месяца.
"Адысей" уяўляе сабой чатырохметровы модуль масай 675 кілаграм і максімальнай грузападымальнасцю ў 130 кг. Ён зроблены па большай частцы з вугляроднага валакна і тытана. Nova-C абсталяваны двума радыёперадатчыкамі (адзін для кіравання модулем і другі — больш хуткасны — для перадачы навуковых звестак), а таксама сонечнай батарэяй.
"Адысей" у выпадку поспеху стане першым прыватным модулем, які зробіць мяккую пасадку на Месяцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.