Уборачная ў Беларусі яшчэ не пачалася, дажджы ўраджаю не нашкодзілі
Уборачная кампанія ў Беларусі яшчэ не пачалася. Ураджай пшаніцы, жыта і ячменю ў заходніх і паўднёвых рэгіёнах пачнуць збіраць не раней чым праз тыдзень. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі паведамілі, што пакуль з палёў прыбіраюць азімыя: рапс і сурэпіцу.
“Уборачная пачынаецца, калі прыбіраюць пшаніцу, жыта, ячмень, — распавяла Еўрарадыё прэс-сакратарка Міністэрства Зінаіда Бярэшчанка. — Трэба глядзець, калі саспее, як колас наліваецца ці падрыхтаваны да ўборкі. Трэба каб ён [колас. — Еўрарадыё] не высыпаўся і, разам з тым, быў спелы”.
У мінулым годзе ўборачная пачалася ў сярэдзіне ліпеня. У міністэрcтве дадаюць, што дажджы, якія ідуць у Беларусі апошнія дні, шкоды для ураджаю не зрабілі.