Удзельнікаў акцыі памяці Ігара Пцічкіна пакаралі штрафамі
Пяцёра ўдзельнікаў акцыі, затрыманыя 14 верасня на Нямізе ў Мінску, прызнаныя вінаватымі ў правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства.
Ігар Кавалёў, Віктар Катлянік і Аляксандр Гаўрыш аштрафаваныя на 500 тысяч кожны, Сяргей Яўменаў — на 600 тысяч. Сястры Ігара Пцічкіна Ірыне Мірановіч вынесена папярэджанне, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Нагадаем, 21-гадовы мінчук Ігар Пцічкін загінуў у следчым ізалятары на Валадарскага. 12 верасня ад яго смерці споўнілася 40 дзён. Па афіцыйнай версіі, Пцічкін памёр ад сардэчнага прыступу. Аднак яго сваякі і сябры лічаць, што ён памёр пасля жорсткіх пабояў. У Следчым камітэце родным Ігара паведамілі, што па факце яго смерці праводзіцца праверка.
14 верасня сваякі і сябры Пцічкіна меліся правесці хвіліну маўчання ля сцен СІЗА, пакласці кветкі і запаліць свечкі. Зрабіць гэтыя яны не паспелі, бо былі затрыманы міліцыяй.
Кавалёў, Катлянік, Гаўрыш і Яўменаў пасля затрымання былі дастаўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. Двое сутак яны чакалі там суда. Цяжарную Ірыну Мірановіч неўзабаве пасля затрымання адпусцілі, уручыўшы позву ў суд.
Справы ўдзельнікаў акцыі разглядалі суддзі Леанід Ясяновіч, Вікторыя Шабуня і Наталля Вайцяховіч. У якасці сведак на працэсах выступалі два супрацоўнікі міліцыі.
Пакуль застаецца невядомым лёс яшчэ аднаго затрыманага, паведамляе БелаПАН. Гаворка ідзе пра ўдзельніка акцыі, якога затрымалі побач са следчым ізалятарам на вуліцы Валадарскага. Па інфармацыі праваабаронцаў, там былі затрыманыя 13 чалавек, адзін з якіх не выйшаў з РУУС. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што ў яго ў рэчах знайшлі паляўнічую стрэльбу без дакументаў. Затрыманы растлумачыў гэта тым, што паклаў стрэльбу ў торбу даўно і забыўся пра яе.