Украіна актывізавала вайсковую сілу на мяжы з Беларуссю
На міжнароднай трасе, якая вядзе да ўкраінскага паста "Новыя Ярылавічы" на мяжы з Беларуссю, апошнім часам назіраецца вялікі рух.
У лютым тут актывізаваліся грузавыя перавозкі ў аб’ёмах, якія перавышалі звычайныя, "даваенныя". А цяпер даволі актыўна перамяшчаецца і вайсковая тэхніка, адзначае Радыё "Свабода".
Дарэчы, БТР і зенітныя ўстаноўкі з'явіліся на трасе 4 красавіка — праз 6 дзён пасля сустрэчы беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і часовага кіраўніка Украіны Аляксандра Турчынава. Менавіта тады Лукашэнка запэўніў Турчынава, што з тэрыторыі Беларусі на ўкраінскую зямлю не трапіць ніводны вайсковец "трэцяй краіны".
Спачатку некалькі адзінак вайсковай тэхнікі стаялі на ўзбочыне інтэнсіўнай трасы, пачынаючы з Казяльца (148 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю). А 7 красавіка калоны ехалі ўжо ў суправаджэнні ўкраінскай ДАІ.
Канцэнтрацыя войскаў непадалёк ад Беларусі можна патлумачыць і тым, што паблізу сяла Кіпці (146 км да беларускай мяжы і 434 км да расійскай мяжы) на Чарнігаўшчыне, пачынаецца траса М-03. Яна вядзе ў расійскі горад Бранск, куды напярэдадні агрэсіі ў Крыме Расія сцягвала свае войскі.