Украіна і Расія дамовіліся аб аднаўленні паставак газу
Перамовы праходзілі з удзелам прадстаўнікоў ЕС, зацікаўленых у бесперапынным транзіце расійскага паліва праз украінскія тэрыторыі.
Вынікам двухдзённых перамоваў стала падпісанне дакументаў коштам 4,6 мільярда долараў, заявіў еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Этынгер. Да дамовы атрымалася прыйсці пасля таго, як Украіна і Еўрасаюз узгаднілі крыніцы плацяжоў па газавых даўгах, а Расія атрымала гарантыі, што заяўленыя сродкі ў Кіева ёсць у наяўнасці. Адсутнасць такіх гарантый не дазволіла бакам дамовіцца ў ходзе папярэдняга перамоўнага раўнда 21 кастрычніка, паведамляе БелТА.
Згодна з дамоўленасцямі, Украіна пачне атрымліваць расійскі газ пасля больш чым чатырохмесячнага перапынку ў абмен на частковую выплату даўгоў. У бліжэйшыя дні Украіна павінна пагасіць 1,4 мільярда долараў доўгу за пастаўкі расійскага газу ў лістападзе і снежні мінулага года.