Украіна прыдумляе, як выратаваць дэмаграфічную сітуацыю. Пакуль усё кепска

Кіеў

Кіеў

Украіна шукае спосабы справіцца з катастрафічнай дэмаграфічнай сітуацыяй, у тым ліку праз запрашэнне ў краіну замежнікаў. Гэта ўжо дало свой плён: з пачатку шырокамаштабнай вайны замежнікі з больш чым са ста краін адкрылі ва Украіне 3075 кампаній. Часцей за ўсё гэта рабілі грамадзяне Турцыі, Узбекістана і Польшчы. Таксама ў дзясятку лідараў трапілі грамадзяне ЗША, Казахстана, Германіі і Азербайджана. 

 

Кожны год знікае цэлы горад

Нараджальнасць у 2024-м у паўтара раза меншая за паказчыкі 2021-га, піша ўкраінскае медыя "Громадське". На аднаго нованароджанага прыпадае трое памерлых. Калі правесці колькасную аналогію, сітуацыя такая, быццам кожны год у Украіне знікае горад памерам з Жытомір.

Эксперты ААН прагназуюць, што да 2100 годзе насельніцтва Украіны можа зменшыцца да 15,3 мільёна чалавек. Цяпер у краіне жыве прыкладна 37 мільёнаў.

 

Атрымаць працу ў Украіне стала прасцей

У ранейшыя гады ўрад штогод ўручную ўсталёўваў квоты на колькасць іміграцыйных дазволаў. Але ў ліпені 2023-га прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў закон, які значна спрашчае выдачу такіх дазволаў. Цяпер Кабінет Міністраў не будзе вызначаць "прэвентыўныя" квоты, а будзе выкарыстоўваць іх для сітуатыўнай рэгуляцыі сітуацыі. Гэта значыць, квоты з'явяцца, калі, да прыкладу, наплыў мігрантаў будзе ствараць праблемы на рынку працы.

Раней для атрымання дазволу на працу ў Украіне замежніку даводзілася сабраць велізарны стос дакументаў, уключаючы даведку аб несудзімасці і медыцынскія даведкі, а таксама пацверджанне, што ён не прэтэндуе на працу, з якой справіўся б ўкраінскі кандыдат. Цяпер гэты спіс мае на ўвазе толькі заяву, копію пашпарта і копію працоўнага кантракту. Падаць гэтыя дакументы можна анлайн — напрыклад, праз праграму "Дія".

Да беларусаў як да прадстаўнікоў краіны-суагрэсара такія паслабленні не адносяцца.

Для таго, каб змяніўся дэмаграфічны трэнд і насельніцтва пачало хоць патроху расці, трэба штогод прыцягваць звонку як мінімум 1% цяперашняга насельніцтва. Гэта значыць, на гэты момант гэта прыкладна 300 тысяч чалавек на год. Але пакуль што Украіне ўдаецца прыцягнуць толькі 50-80 тысяч чалавек на год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі