Украінская паліцыя: кіроўца грузавіка, які ўпаў у раку ў Карпатах, быў п'яны
Нацыянальная паліцыя Украіны затрымала кіроўцу грузавіка, які зваліўся ў раку ў Карпатах, паведамляецца на сайце ведамства. Медагляд засведчыў, што мужчына быў нецвярозы.
У выніку ДТЗ загінулі тры чалавекі, яшчэ дзесяць атрымалі разнастайныя траўмы.
Праваахоўнікі пачалі крымінальную справу за парушэнне правілаў бяспекі дарожнага руху або эксплуатацыі транспарту асобамі, якія кіруюць транспартнымі сродкамі.
Трагедыя адбылася 6 траўня ў Івана-Франкоўскай вобласці. Грузавік, які вёз беларускіх турыстаў, зваліўся з вышыні каля 40 метраў у раку Чорны Чарамош. Турысты меркавалі сплаўляцца па рацэ і ехалі да пункту прызначэння. У машыне было 23 пасажыры.
Кіроўца — 47-гадовы жыхар Косаўскага раёна. Падчас ўздыму па горнай дарозе ён спрабаваў павярнуць направа, але не справіўся з кіраваннем. Аўтамабіль паехаў назад і зваліўся ў раку.
Загінулі 29-гадовы слонімец Яўген Іваноў, 23-гадовая Ангеліна Юшкевіч і 28-гадовая Тамара Ашухіна. Пяць чалавек атрымалі пераломы. Яшчэ ў пяці пасажыраў — сінякі і ранкі.