Украінскі ваенны: Пасля 500 кіламетраў дарогі “Хамеры” пачалі “сыпацца”

Украінскі ваенны: Пасля 500 кіламетраў дарогі “Хамеры” пачалі “сыпацца”

Даведка Еўрарадыё: Дзмітрый Углач – тэхнік па абслугоўванні аўтатранспарту 36-й брыгады Узброеных сіл Украіны, пасля анексіі Крыма Расіяй з’ехаў з Сімферопаля ў Херсон, быў валанцёрам — вывозіў людзей з занятага сепаратыстамі Данецка, дапамагаў вызваленню ўкраінскіх ваеннапалонных, добраахвотнік, першапачаткова служыў у батальёне добраахвотнікаў “Крым”.

Еўрарадыё: На пачатку года ЗША перадалі Украіне сто армейскіх “Хамераў”. Чытаў, што іх нават Пётр Парашэнка ездзіў сустракаць. Але вось цяпер The Washington Post піша, што “Хамеры” тыя старыя, брані на іх няма, а корпус — з пластыку, што яны больш часу на рамонце, чым на баявым посце…

Дзмітрый Углач: У нашу брыгаду перадалі 36 такіх машын. Пад маёй адказнасцю ў роце дзесяць “Хамераў”. Раскажу на прыкладзе сваёй машыны. Калі я яе атрымліваў, на спідометры быў прабег 191 міля. Мы былі шчаслівыя: “Хамер” жа адназначна лепш нашых “УАЗікаў” ці тых машын, што нам перадавалі валанцёры — машына вельмі магутная з вялікай праходнасцю. Машыны мы атрымалі, і нас з Мікалаеўскай вобласці адправілі ў Марыупаль сваім ходам. Праехалі мы кіламетраў пяцьсот, і пачалі разумець, што нехта з імі не так: на іх пачала сыпацца гума — пыльнікі, сальнікі, сайлентблокі, колы. Машыны вельмі доўга стаялі закансерваваныя і на іх проста ўсе гумовыя часткі рассохліся. А запчастак на іх ніякіх у камплекце не было. Пашукалі ў інтэрнэце — усё вельмі дорага. І таму мы пачалі ставіць на іх усё, што падыходзіла па памеры і дыяметры: пыльнікі — з “Нівы”, сальнікі і сайлент нблокі — ад “Волгі”, фары — ад “Жыгулёў” і гэтак далей.

Еўрарадыё: Пыльнікі ды сальнікі пасыпаліся — шкада, канешне, але ж не гэта ў такой машыне галоўнае…

Дзмітрый Углач: Мышыны толькі выглядалі як новыя, але пасля невялікага прабегу яны проста пачалі сыпацца! У іх з кожнай шчыліны цякло масла, потым пачалі ляцець генератары. Мая машына 1985 года выпуску — адна з першых мадыфікацый, і да яе запчастак практычна няма. І на сёння на маім “Хамеры” роднымі засталіся толькі кузаў, руль і колы. І то дзякуй Богу, бо шмат на якіх машынах колы проста палопаліся. І справа ў тым, што на гэтых “Хамерах” памер колаў такі, што ў Еўропе іх проста няма. Калі ж замаўляць праз інтэрнэт, то адно самае таннае кола каштуе 950 долараў. У мяне ў падраздзяленні тры машыны стаяць колам толькі таму, што на іх палопаліся колы. І гэтыя машыны проста расцягваюцца на запчасткі — з іх зрабілі донараў.

Еўрарадыё: А праўду пішуць, што яны з пластыку?

Дзмітрый Углач: Сапраўды. Пры гэтым на тыя машыны паставілі буйнакаліберныя кулямёты — планавалася, што гэта будуць машыны агнявой падтрымкі. Я не ведаю, хто рызыкне пад’ехаць на такой машыне бліжэй, як за кіламетр. Бо ў такім выпадку кіроўца і экіпаж мусяць быць апранутыя не толькі ў каску і бронекамізэльку — на іх трэба апранаць бронекапсулу! Карацей, за ўвесь час, што тыя “Хамеры” ў нас, у актыўнай фазе баёў яны не бралі ўдзелу. На іх ездзілі па Марыупалі, паказвалі, што яны ёсць, але на перадавую, ці як у нас кажуць, на фасад, машыны выязджалі вельмі рэдка.

Еўрарадыё: Ну, і сэнс ад такой дапамогі і такіх паставак?

Дзмітрый Углач: Ёсць прыклады добрых паставак — тыя ж браніраваныя “Хамеры”. Там таксама ёсць пэўныя праблемы з эксплуатацыяй, але ж па меншай меры, яна браніраваная!

Еўрарадыё: Журналіст The Washington Post сцвярджае, што з-за такой вось амерыканскай дапамогі, такіх “баявых” машын падае маральны дух украінскіх салдат…

Дзмітрый Углач: Маральны дух байцоў можа ўпасці не толькі з-за наяўнасці “Хамераў”. Цяпер вельмі шмат існуе перадумоў і крытэрыяў… Шмат хто ў войску проста не разумее, што ў нас цяпер адбываецца. Вось, гэтыя “Мінскія пагадненні”: я да гэта часу не магу зразумець, чаму па нас страляюць, а мы маўчым. Мы былі вымушаныя адвесці ўсё ўзбраенне ад кропак боесутыкнення, а па нас як білі мінамёты, так і б’юць, як біла цяжкая артылерыя, так і б’е. Дзякаваць Богу, цяпер страты не такія вялікія. як летась, але тым не менш, хлопцаў забівае, яны атрымліваюць раненні. Чаго мы чакаем? Да ўсяго, у нас хутка пачнецца чарговая хваля дэмабілізацыі і будуць сыходзіць хлопцы, які ўмеюць ваяваць, а хто прыйдзе на іх месца? Жадання далей падпісваць кантракты я ў людзей не бачу. Яны не хочуць і наўрад ці ў ваенкомаў атрымаецца іх яшчэ раз зацягнуць у войска.

Еўрарадыё: Якая цяпер сітуацыя ў раёне Марыупаля — якая там цяпер сітуацыя? Пагроза, як колькі месяцаў таму, што будуць яго “браць”, існуе?

Дзмітрый Углач: Не думаю. Бо цяпер хлопцы там так акапаліся, што калі на іх папруць, што страты ў праціўніка будуць вялізныя. Цяпер — вайна як Першая сусветная, яны закапаліся, мы закапаліся. Больш ідзе вайна дыверсіна-выведчых груп і інфармацыйная. Не думаю, што ў бліжэйшы час любы з бакоў, наш ці супрацьлеглы, пачне актыўныя баявыя дзеянні. Хутчэй за ўсё, будуць дамаўляцца.

Еўрарадыё: То вы “Мінскія пагадненні” лаеце, то кажыце пра “будуць дамаўляцца” — верыце, што дамовіцца ўсё ж можна?

Дзмітрый Углач: Не хочацца думаць пра дрэнны варыянт, мяркую, што хопіць розуму ў абодвух бакоў, каб дамовіцца. Пытанне ў тым, што гэта будзе. Не хочацца аналага Прыднястроўя, замарожанага канфлікту. Каб потым адтуль увесь час чакаць нейкіх “падлянак”. Усё гэта павінна закончыцца, але калі яны дадуць амністыяю такім таварышам, як Захарчанка, Гіві, Матарола, то я не ведаю, як людзі да гэтага паставяцца — гэта будзе няправільна. 

Фота з архіва Дзмітрыя Углача

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі