Урад Літвы пакуль не плануе зачыняць новыя КПП на мяжы з Беларуссю
Інгрыда Шыманіце
На цяперашні час літоўскі ўрад не разглядае магчымасць закрыцця дадатковых памежных пераходаў з Беларуссю. Пра гэта 16 лістапада заявіла журналістам прэм'ер-міністр Інгрыда Шыманіце, перадае TV3 са спасылкай на BNS.
Кіраўніца літоўскага ўрада паведаміла: "У нас ёсць чатыры дзейныя пункты, праз якія перамяшчаюцца пасажыры і грузы. І я не кажу, што не можа быць дыскусій пра далейшы рэжым перасячэння мяжы, але пакуль урад не абмяркоўвае гэтае пытанне".
Як распавядала Еўрарадыё, напярэдадні кіраўнік парламенцкага камітэта па бюджэце і фінансах Міндаўгас Лінге прапанаваў разгледзець магчымасць зачыніць яшчэ два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю. Ён тлумачыць гэта неабходнасцю барацьбы з кантрабандай.
Міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце кажа, што камітэт Сейма прапануе зачыніць КПП Лаварышкес і Райгардас. Гэтая прапанова, па яе словах, будзе разглядацца. Білатайце называе закрыыцё КПП добрым спосабам барацьбы з кантрабандай.
Сёлета Літва ўжо закрыла пункты пропуску Шумскас і Цвярачус на мяжы з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.