Уратаваныя з Масула
Фота: kavkaz-uzel.eu
У Чачні адкрылі "гарачую лінію", на якую могуць тэлефанаваць мясцовыя жыхары, якія падазраюць (ці ведаюць напэўна), што іх непаўналетнія сваякі знаходзяцца ў Сірыі ці Іраку. Афіцыйна вядома пра 445 дзяцей, якіх шукаюць бабулі і дзядулі — яны ёсць у адпаведнай базе дадзеных. Па словах упаўнаважанай па правах дзіцяці ў Расіі Ганны Кавалёвай, узрост большасці дзяцей — ад 4 да 9 гадоў. Расійскіх дзяцей, якія нарадзіліся ўжо на Блізкім Усходзе, менш: прыкладна 9 адсоткаў ад агульнай колькасці, піша КУ.
14 верасня ў Грозны прывезлі васьмігадовую дзяўчынку і хлопчыка, якому дзевяць. Абое — чачэнцы, якіх каля года таму вывезлі на Блізкі Усход бацькі — імаверна баевікі "Ісламскай дзяржавы" або звязаныя з гэтай тэрарыстычнай арганізацыяй людзі.
"Дзеці атрымалі апёкі падчас ракетных удараў па Масуле і маюць патрэбу ў лячэнні", —заявіў прадстаўнік кіраўніка Чачні на Блізкім Усходзе і ў краінах Паўночнай Афрыкі, сябра Савета Федэрацыі Расіі Зіяд Сабсабі. Ён жа распавёў, што бацькі дзяцей загінулі.
"Бацькі [хлопчыка], брат і дзве сястры загінулі. Салдат, які знайшоў яго, думаў, што дзіця замініраванае, але хлопчыку ўдалося пераканаць чалавека з аўтаматам, што ў яго нічога няма. У дзяўчынкі моцна абпаленыя ногі. Проста ў аэрапорце медыкі аказалі ёй неабходную дапамогу. Яе бацькі і два браты з сястрой таксама загінулі на месцы", — цытуе Сабсабі сайт кіраўніка Чачні.
"Дадзеныя пра нашых грамадзян і дзяцей мяняюцца кожны дзень, мы штодня атрымліваем новую інфармацыю, правяраем кожнае паведамленне. Мы даведаліся пра існаванне лагера на поўначы Масула, і ў ім, паводле нашых дадзеных, можа знаходзіцца ад 70 да 120 грамадзян Расіі і СНД. Гэта і азербайджанцы, і ўзбекі, і таджыкі", — заявіў Сабсабі РІА "Навіны".
Вызваленых дзяцей перадалі сваякам — паведамляецца, што ў Чачні ў абаіх ёсць родныя і з боку маці, і з боку бацькаў.
Вярнуць дзяцей просяць сваякі
Нярэдка менавіта сваякі робяцца ініцыятарамі вяртання дзяцей на радзіму. Звяртацца да ўладаў пачалі часцей пасля таго, як у Чачню з Сірыі вярнулі першае дзіця, гэта адбылося 1 жніўня, сказала "Каўказскаму вузлу" супрацоўніца адной з мясцовых няўрадавых арганізацый, якая папрасіла яе не называць.
Сваякі дзяцей "пачалі актыўна звяртацца да НДА і міжнародных арганізацый, да кіраўніцтва Чачні па дапамогу ў вяртанні сваіх дзяцей і ўнукаў з Ірака і Сірыі, — сказала прадстаўніца НДА, — кожная маці і бабуля спадзяюцца, што іх дзеці і ўнукі акажуцца ў ліку выратаваных", — дадала яна.
У сярэдзіне жніўня ў Грозным прайшла акцыя жанчын: яны прайшлі маршам па гарадскіх вуліцах і папрасілі ў кіраўніцтва Чачні і асабіста Рамзана Кадырава садзейнічаць у вяртанні сваякоў з тэрыторыі Ірака і Сірыі. Тады меркавалася, што ў Іраку знаходзіцца 48 дзяцей, вывезеных бацькамі з Расіі.
1 верасня ў Чачню прыбыў спецрэйс з Ірака: чатыры жанчыны і восем дзяцей. Сваячка адной з вызваленых, Іман Музаевай, распавяла, што маці маладой жанчыны актыўна выступала за вызваленне дачкі:
"Яна была адной з удзельніц шэсця жанчын у Грозным, прасіла ўлады Чачні дапамагчы з вяртаннем [дачкі] на радзіму. Іман з пачатку 2000-х гадоў жыла ў Казахстане. Калі яны з мужам паехалі ў Сірыю, у іх быў толькі адзін сын, двое іншых сыноў нарадзіліся ў Сірыі і Іраку. Старэйшаму чатыры гады, а малодшаму ўсяго шэсць месяцаў. Мужа Іман забілі ў мінулым годзе, і яна з дзецьмі не магла выбрацца з Ірака самастойна", — сказала сваячка Музаевай карэспандэнту "Каўказскага вузла".
Пытанне эвакуацыі дзяцей з зоны баявых дзеянняў на Блізкім Усходзе паўстала ў ліпені 2017 года, паведаміў журналіст Forbes Архан Джамаль карэспандэнту "Каўказскага вузла"
"Праблема вывазу дзяцей з Ірака вельмі востра паўстала пасля штурму Масула. Там загінула шмат дзяцей, а выжылыя аказаліся ў жахлівай сітуацыі: іх бацькі загінулі, а самі дзеці апынуліся ў палітычна варожым асяроддзі. Што рабіць з дзецьмі, было абсалютна незразумела", — распавёў Джамаль.
Аб жорсткім абыходжанні з дзецьмі і жонкамі баевікоў у вызваленым Масуле ўскосна сведчыць зварот упаўнаважанай па правах чалавека ў Расіі Таццяны Маскальковай да вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Зэйда Раада аль-Хусэйна і генеральнага сакратара Савета Еўропы Турб'ёрна Ягланда "з просьбай падтрымаць пазіцыю аб асуджэнні жорсткага абыходжання у дачыненні да расійскіх жанчын і дзяцей, затрыманых ўладамі Ірака ў ходзе аперацыі па вызваленні Масула ад тэрарыстаў".
Чаму дзяцей вязуць на вайну?
Прыхільнікі радыкальных арганізацый прывозяць у Сірыю і Ірак свае сем'і, таму што не збіраюцца вяртацца на радзіму, распавёў былы баевік, якому ўдалося вярнуцца ў Расію пасля таго, як ён расчараваўся ў ідэях "Ісламскай дзяржавы".
Акрамя таго, многія дзеці нарадзіліся ўжо на вайне: чачэнскія праваахоўнікі пацвярджаюць, што ў апошнія гады ў Сірыю выехалі дзясяткі маладых жанчын.
У ліпені неназваная крыніца ў МУС Чачні паведаміла "Каўказскаму вузлу", што ў Сірыі і Іраку могуць знаходзіцца сотні чачэнскіх дзяцей і жанчын.