УСУ атакавалі некалькі расійскіх ваенных аэрадромаў
Запуск ракеты ATACMS, ілюстрацыйнае фота
Мінулай ноччу Узброеныя сілы Украіны нанеслі ўдары па верталётах і абсталяванні, якія знаходзіліся на расійскіх аэрадромах "недалёка ад двух часова акупаваных гарадоў". Пра гэта паведамляе Hromadske са спасылкай на Цэнтр стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны.
Гаворка ідзе пра аэрадромы непадалёк ад Бярдзянска і Луганска. Удары былі паспяховымі, перадаюць з месцаў. У прыватнасці, дарадца гарадскога галавы Марыупаля Пётр Андрушчанка паведаміў, што "прыкладна ў 2:30 ночы кара нябесная прыйшла ў раён базавання верталётаў і аэрадрома". У Генштабе УСУ адзначылі, што ў мінулыя суткі авіяцыя Сіл абароны здзейсніла чатыры ўдары па месцах засяроджвання асабістага складу, складах боепрыпасаў і ваеннай тэхнікі, а "падраздзяленні ракетных войскаў пацэлілі па 2 верталётах на пасадачных пляцоўках і складзе боепрыпасаў".
Пазней у сілах спецаперацый Украіны распавялі, што ў выніку ўдару ў ноч з 16 на 17 кастрычніка на аэрадромах праціўніка былі знішчаныя 9 верталётаў розных мадыфікацый, спецтэхніка, пускавая ўстаноўка СПА, склад боепрыпасаў, а таксама пашкоджаныя ўзлётныя палосы аэрадромаў. У ССА падкрэслілі, што склад у Бярдзянску дэтанаваў да 4:00, а ў Луганску — да 11:00. Паведамляецца таксама пра дзясяткі загінулых і параненых.
Тым часам адзін з расійскіх ваенкораў раніцай пісаў, што"хахлы ноччу нанеслі ўдар ракетамі ATACMS па нашым аэрадроме, на якім базавалася вайсковая авіяцыя". Паводле яго слоў, гэта быў "адзін з самых сур'ёзных удараў за ўвесь час СВА. Калі не самы сур'ёзны". Ёсць страты і ў людзях, і ў тэхніцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.