"Усё жыццё я абавязаны Сашу за гэты ўчынак..."

"Усё жыццё я абавязаны Сашу за гэты ўчынак..."

Вакол мінскай філармоніі — велізарная чарга, сёння тут развітваюцца з Аляксандрам Ціхановічам. Дзядуля з кійком на прыпынку пытаецца ў жанчын побач: "Што адбываецца?"

"Артыста, Ціхановіча, памятаеце? "Завіруха, мяцель, завіруха, ты куды мяне клічаш, паслухай?"" — жанчыны ціхенька напяваюць беларускі хіт.

Аляксандр Ціхановіч памёр 28 студзеня на 65-м годзе жыцця. Апошнія гады народны артыст пакутаваў на рэдкую невылечную хваробу — аўтаімуннае захворванне лёгкіх ці ідыяпатычны фібразуючы альвеаліт. У апошні год яго стан пагоршыўся. Ціхановіч лячыўся ў Германіі, аднак гэта не дапамагло. У рэанімацыю музыка трапіў 14 студзеня...

На дварэ акурат пачынаецца завіруха, стаяць холадна, але гэта зусім не засмучае тых, хто прыйшоў развітацца з народным артыстам. У чарзе заўважаем легендарную тэлевядучую Зінаіду Бандарэнка:

"Ён быў чалавекам незвычайнай дабрыні, нікому не адмаўляў, — прыгадвае Зінаіда Аляксандраўна. — Увогуле, яны шмат каму дапамагалі з Ядзяй. Яны выхавалі цудоўную дачку Насцю. Мы сапраўды шмат працавалі на эстрадных пляцоўках, шмат ездзілі па краіне, я бачыла, як іх успрымаюць, як іх сустракаюць — гэта быў гонар. Шкада, зразумела. Але ўлічваючы самаадчуванне Сашы ў апошні час, думаю, яму там будзе добра".

"Усё жыццё я абавязаны Сашу за гэты ўчынак..."

Труна з целам Аляксандра Ціхановіча стаіць на сцэне філармоніі, ля яе сядзіць Анастасія, дачка музыкі. Вакол — ганаровая варта. Людзі з кветкамі па чарзе падыходзяць да труны.

"Да пабачэння, мой любімы артыст", — ціха плача пажылая жанчына ў хустцы. У зале і ў чарзе шмат вядомых твараў. Тут і музыкі гуртоў J:Морс, "Лепрыконсы", Apple Tea, Саша Захарык і Аляксандр Ліпніцкі, "песняры" Алег Моўчан і Леанід Барткевіч, кампазітары Алег Елісеенкаў і Ігар Лучанок, спевакі Дарыя, Іна Афанасьева, Анатоль Ярмоленка.

Бацька спевакоў Георгія і Дзмітрыя Калдуноў і Аляксандр Ціхановіч былі аднакласнікамі, пазней яны сябравалі сем'ямі:

"Аляксандр Рыгоравіч — гэта частка музычнай гісторыі Беларусі, частка жыцця краіны, — разважае Георгій. — І калі людзі пазнавальныя, і пазнавальныя часцей у такім станоўчым сэнсе, сыходзяць, гэта як адрэзаць кавалак нечага важнага. Шкада, што ўсё так склалася, але чалавек пакінуў пасля сябе добры след, і сведчанне гэтаму ― тая вялікая колькасць людзей, якія сёння прыйшлі сказаць яму "да пабачэння".

"Усё жыццё я абавязаны Сашу за гэты ўчынак..."
Анатоль Ярмоленка выказвае словы падтрымкі Ядзвізе Паплаўскай

Пісьменнік і палітык Уладзімір Някляеў пазнаёміўся з Аляксандрам Ціхановічам і Васілём Раінчыкам яшчэ ў часы ўзнікнення "Верасоў". Тады ж і з'явіўся шэраг хітоў кшталту "Караван", "Карнавал", "Любви прощальный бал", "Облака моей мечты", якія прынеслі папулярнасць гурту.

"Самае галоўнае, што ў нас былі вельмі сяброўскія адносіны вельмі доўгі час, да таго, пакуль не з'явіўся чалавек, які ўсё, што было аб'яднанае (а мы былі аб'яднаныя песнямі, вершамі, музыкай), пачаў раз'ядноўваць палітыкай. Але асабістыя адносіны з Ціхановічам усё адно не прыпыняліся. Ён з тых людзей, якія з усіх сіл стараюцца ўтрымліваць нітачкі і вузялкі, якія завязаліся ў міжчалавечых адносінах. Гэтая якасць выяўлялася ў яго і на сцэне, бо гэта вельмі важна, які чалавек у артысце жыве", ― кажа Някляеў.

"Усё жыццё я абавязаны Сашу за гэты ўчынак..."
Развітацца з Аляксандрам Ціхановічам прыйшлі тысячы мінчан

Прадзюсар гурта Trubetskoy Яўген Калмыкоў, з якім едзем у метро з паніхіды, можа прыгадаць безліч гісторый, звязаных з Ціхановічам: у свой час ён, як рэжысёр святаў, не раз сутыкаўся з выканаўцам "Малінаўкі". Пазней ужо Ціхановіч запрасіў нікому не вядомы "Ляпіс Трубяцкі" на першыя здымкі ў паркетную залу філармоніі. Аднойчы "Ляпісы" разам з Ціхановічам (музыка выступаў тады на мыліцах) і Паплаўскай паехалі граць у Ніжні Ноўгарад. Выявілася, што музыкам не заплацяць ганарар і яны ў адказ вырашылі зладзіць бунт і не выйсці на сцэну:


"Але тут выбягае Саша з мыліцамі і кажа: "Жэня, няхай "Ляпісы" выступаюць. Я гарантую, што вам заплацяць". Так і адбылося. Ён не мог быць абыякавым, яго ўсё хвалявала, яму трэба было ва ўсё ўпісацца, ― распавядае Калмыкоў.  І яшчэ ў жыцці маім была сітуацыя: мая жонка сыходзіла ад раку. Яна памірала. Унутры была пустэча. Дактары ад яе адмовіліся. Саша пра гэта даведаўся, прыехаў, і апошнія дні проста сядзеў з ёй побач каля ложка. Гэта было па-чалавечы... Усё жыццё абавязаны яму за гэты ўчынак. Мы бачым, што робіцца. Колькі людзей яго любіла. Чалавечышча".

Людзей, якія прыйшлі развітацца з Аляксандрам Ціхановічам, бліжэй да 14-ці гадзін становіцца настолькі шмат, што іх даводзіцца стрымліваць міліцыі. Развітваюцца з музыкам пад "Малінаўку" і апладысменты. 


Аляксандр Ціхановіч пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

 

"Усё жыццё я абавязаны Сашу за гэты ўчынак..."
"Усё жыццё я абавязаны Сашу за гэты ўчынак..."

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі