Узгаранне на мінскім гадзіннікавым заводзе “Луч”
Здарэнне адбылося 1 кастрычніка. На месца выязджала мноства пажарнай тэхнікі.
Аднак узгаранне аказалася несур’ёзным — тлеючы электрычны шчыт патушылі з дапамогай аднаго вогнетушыцеля. У МНС гавораць, што пры паведамленнях аб пажары на заводах заўсёды высылаецца шмат тэхнікі.
Вось што распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар МНС па Мінску Віталь Дэмбоўскі:
“Так, было паведамленне з гадзіннікавага завода аб пажары. На месцы нашы супрацоўнікі высветлілі, што адбылося кароткае замыканне ў электрашчыце. У такіх выпадках, калі прыходзіць паведамленне з вялікага прадпрыемства, заўсёды высылаецца шмат тэхнікі. Першыя, хто прыбыў на месца, разабраліся ў сітуацыі”.
Узгаранне было настолькі нязначным, што не спатрэбілася нават эвакуацыя.
Фота — minskpromstroy.by