Ва Украіне за махінацыі асудзілі кіраўніка беларускага дарожнага прадпрыемства

Адрамантаваная дарога на Валыні

Адрамантаваная дарога на Валыні / censor.net

Ва Украіне за махінацыі падчас будаўніцтва дарог на Валыні асудзілі кіраўніка беларускага дарожнага прадпрыемства. Аляксандр Зарэцкі атрымаў 7 гадоў пазбаўлення волі за прысваенне чужой маёмасці і 2 гады за падробку службовых дакументаў. Яго справу разглядаў Луцкі міжраённы суд Валынскай вобласці, паведамляе Радыё Свабода.

Зарэцкі — галоўны інжынер ТАА "Дарожна-будаўнічы трэст № 4" з Брэста, кіраваў яго ўкраінскім прадстаўніцтвам. Да лютага 2022-га беларускія дарожныя будаўнічыя кампаніі выйгравалі мільярдныя тэндэры ва Украіне. Працы фінансаваліся з украінскага дзяржаўнага бюджэту. Высветлілася, што былі скрадзены грошы, выдаткаваныя на рамонт дарогі ў Старавыжаўскім раёне Валынскай вобласці. Кошт работ склаў крыху больш за 500 тысяч долараў. Паводле матэрыялаў справы, украінскае прадстаўніцтва беларускага прадпрыемства выкарыстоўвала асфальтна-бетонную сумесь горшай якасці, але ў дакументах праводзілі матэрыялы найвышэйшай якасці.

Справу супраць грамадзяніна Беларусі распачалі ў траўні 2020 года. З таго моманту Аляксандр Зарэцкі знаходзіўся ва Украіне пад падпіскай аб нявыездзе. Цяпер яму 63 гады. Суд пастанавіў канфіскаваць у беларуса маёмасць, а таксама забараніў яму на тры гады займаць адказныя пасады на прадпрыемствах і ва ўстановах. Ён павінен выплаціць кампенсацыю Дэпартаменту інфраструктуры Валынскай абласной адміністрацыі за нанесеную шкоду ў памеры каля 40 тысяч долараў, а таксама кампенсаваць дзяржаве вартасць правядзення экспертыз — яшчэ 470 долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі