Ва Украіне забаранілі прымаць расійскія банкноты з выявай Крыма
Нацбанк Украіны забараніў прымаць расійскія банкноты з выявай Крыма. На новай 200-рублёўцы, якую нядаўна прэзентаваў Цэнтрабанк Расіі, можна пабачыць Помнік патопленым караблям у Севастопалі і Херсанэс Таўрычаскі. Як вядома, з вясны 2014-га ўкраінскі Крым знаходзіцца пад расійскім кантролем. У Кіеве яго лічаць акупаванай тэрыторыяй.
Як інфармуе УНІАН, 13 кастрычніка Нацыянальны банк Украіны забараніў украінскім банкам праводзіць аперацыі з банкнотамі і манетамі РФ, на якіх змешчаныя выявы аб’ектаў з акупаванай тэрыторыі. Забарона датычыць правядзення касавых, валютна-абменных і іншых аперацый з банкнотамі і манетамі Цэнтрабанка Расіі. Гэта значыць, што гэтыя банкноты нельга будзе абмяняць у абменных пунктах ва Украіне.
Нацбанк падкрэслівае, што такое рашэнне прынятае з мэтай абароны суверэнітэта і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.