Ва Украіне затрымалі расіян-удзельнікаў дыверсійна-разведвальнай групы
Уначы ў Кіеве на Абалоні Служба бяспекі Украіны правяла спецаперацыю, у выніку якой была ліквідаваная дыверсійна-разведвальная група. Толькі адзін з тэрарыстаў паспеў адкрыць агонь з аўтаматычнай зброі, параніў дваіх байцоў спецпадраздзялення "Альфа" (адзін з іх пазней памёр у бальніцы). Спачатку яны вывелі з кватэры гаспадароў і 7-гадовае дзіця і толькі пасля гэтага скончылі спецаперацыю, тэрарыст быў забіты (ён аказаўся камандзірам групы, украінцам). Як інфармуе УНІАН, былі затрыманыя 5 чалавек — двое грамадзян Расіі і трое грамадзян Украіны. Мяркуецца, што яны былі звязаныя з расійскімі спецслужбамі.
Былі знойдзеныя восем самаробных выбуховых прыстасаванняў, чатыры кілаграмы тратылу, аўтаматычная зброя, больш за 40 гранат, каля 2 тысяч патронаў.
Спецаперацыя праходзіла і ў Харкаве. Паведамляецца, што СБУ затрымала яшчэ аднаго грамадзяніна Расіі. Пра затрыманне расіян ужо праінфармавалі консульства Расіі.
У Кіеве сцвярджаюць, што дыверсійна-разведвальная група працяглы час дзейнічала на тэрыторыі Украіны.
Фота: Facebook