Ва ўрадзе Беларусі расказалі, на колькі дзён хопіць солі, кансерваў, запалак
Ва ўрадзе Беларусі расказалі, на колькі дзён у гандлёвых сектак хопіць "класічных тавараў", якія людзі "эмацыйна набываюць на выпадак вайны". Першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў згадаў пра ажыятаж, які ўзнік 24 лютага, калі пачалася агрэсія Расіі супраць Украіны. Паводле яго слоў, "забяспечанасць... гэтымі прадуктамі — ад 12 да 46 дзён гандлю". Ён іх назваў — запалкі, соль, алей, крупы, кансервы.
"Пры неабходнасці гэтыя тавары ёсць у дастатковай колькасці ў вытворцаў Беларусі", — цытуе словы Снапкова БЕЛТА.
Ва ўрадзе адзначаюць праблемы, якія ўзніклі ў некаторых беларускіх прадпрыемстваў з-за закрыцця адэскага порта. Але шукаюцца "альтэрнатыўныя шляхі паставак імпартных тавараў". Новыя лагістычныя маршруты збіраюцца адпрацаваць за 7-10 дзён.
Мікалай Снапкоў дапускае недахоп "крытычнага імпарту" — напрыклад, асобных відаў свежых садавіны і гародніны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.