Вакаліста Gods Tower будуць судзіць за абразу чыноўніка

Уладзіслаў Наважылаў / gomel.today
Уладзіслаў Наважылаў / gomel.today

Вакаліста культавага гурта Gods Tower Уладзіслава Наважылава 15 чэрвеня пачнуць судзіць за абразу старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя. Па артыкуле 369 КК музыку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 3 гадоў.

— 16 жніўня губернатар Гомельскай вобласці, адкуль я родам, правёў сустрэчу з народам з нагоды таго, што тады адбывалася. Я стаўся вельмі незадаволены тым, як ён сябе паводзіў. Ён ніяк не адрэагаваў на запыты грамадзян. Я напісаў у фэйсбуку допіс такога зместу: "Этот Соловей — крайне г***** [неразумны] б**** [самец свінні]". Адрэагаваў і забыўся. Але аказалася, што Салавей убачыў допіс і яго гэта абразіла, — расказвае Еўрарадыё Наважылаў.

Музыка дадае, што нічога добрага ад суда не чакае і гатовы да ўсяго — "аж да таго, што закрыюць". На суд ён прыйдзе з абаронцай — Марыяй Колесавай-Гудзілінай.

— Адвакатка добрая, але яна, на жаль, мала што вырашае. Мінулы раз, калі 16 верасня мяне затрымалі пасля дваровага канцэрта з Памідоравым, яна разнесла ў пух і прах абвінавачанне. Але ўсё роўна далі восем сутак па 23.34. На судзе мы маем справу са стыхійным бедствам, а не людзьмі. Страху няма, ёсць разуменне, што можа быць усё. Мінулы раз пасля сутак я "прывёз" цяжкі каранавірус і вельмі доўга ўставаў на ногі, — кажа вакаліст Gods Tower.

Працэс над Лэслі "Ножыкам" — так Уладзіслаў Наважылаў вядомы сярод фанатаў — пачнецца 15 чэрвеня а 10:00 у судзе Чыгуначнага раёна Гомеля.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі