"Вам няма дзе прысесці": ЗАПІС як непатрэбных назіральнікаў прыбяруць з участкаў
Выбары адбудуцца 9 жніўня / pravo.by
24 ліпеня ў "Телеграме" з'явіўся паўгадзінны аўдыязапіс сустрэчы беларускіх чыноўнікаў з праўладнымі назіральнікамі і сябрамі выбарчых камісій на прэзідэнцкіх выбарах. На сустрэчы чыноўнікі расказваюць, як не дапусціць на ўчасткі для галасавання незалежных назіральнікаў, якія вылучаюцца грамадзянскай супольнасцю.
Запіс зроблены ў Палацы культуры ў Полацку. Яго сапраўднасць не выклікае сумненняў: аўтар запісу здымаў тое, што адбывалася, на відэа. Ён абмежаваўся публікацыяй аўдыё, каб яго немагчыма было вылічыць па месцазнаходжанні ў зале. Відэа сустрэчы ёсць у рэдакцыі Еўрарадыё. Мы таксама не публікуем яго, каб гарантаваць бяспеку крыніцы.
А вось галоўнае, што ёсць на аўдыязапісе:
— Чыноўнікі праводзяць падобныя сустрэчы перад кожнымі выбарамі. Гэтым разам у мяне з'явілася ідэя запісаць гэта, бо надакучыла хлусня, якой нас кормяць, — расказвае Еўрарадыё чалавек, які запісаў сустрэчу.
Людзей у зале няшмат. Дзве жанчыны, якія знаходзяцца каля сцэны, праводзяць нешта накшталт інструктажу. Незалежных назіральнікаў яны называюць "староннімі".
Зрэшты, чыноўнікі сцвярджаюць, што запіс — фэйк
Паводле інфармацыі крыніцы, размаўляюць з назіральнікамі Вольга Сапун, намесніца начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама (на першых секундах запісу гучыць яе імя і імя па бацьку — Вольга Баляславаўна), і Марына Пашкевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Да Сапун у Еўрарадыё дазваніцца не атрымалася. А Пашкевіч, пачуўшы пытанне, адрэзала:
— Я ведаю пра гэты запіс. Без каментароў.
— Але такія інструктажы праводзяцца з назіральнікамі? — паспяваем спытаць мы.
— Ад мяне такіх інструктажаў не паступала. Без каментароў, — паўтарае Пашкевіч.
"Надзейныя" і "альтэрнатыўныя"
"Інструктары" збіраюцца старанна кантраляваць "сваіх" назіральнікаў:
— Вызначаецца графік. Гэты графік вызначаецца "за дзень да". І "за дзень да" я тэлефаную адказнаму назіральніку і тэлефаную ўсім астатнім сама на гэтым участку, каб валодаць сітуацыяй: хто будзе, хто не будзе, хто быў, хто не. Апавяшчаю ўсіх, хто павінен там прысутнічаць. Кажу месца і час.
— Ці трэба знаходзіцца на ўчастках цэлы дзень падчас датэрміновага галасавання? — цікавяцца з залы.
— Не. Вы адчынілі ўчастак і пайшлі, застаецца адзін назіральнік, які стаіць па графіку. У выпадку, калі прыходзіць хтосьці і захоча паназіраць, камісія кажа, што ўжо ёсць тры назіральнікі і, на жаль, вам няма месца прысесці. Камісія ў гэтым выпадку аператыўна выклікае тых дваіх, якія раніцай прыбылі і потым пайшлі.
Мяркуючы па запісе, участковыя камісіі і "надзейныя" назіральнікі дзейнічаюць заадно.
"Адказны назіральнік"
Чыноўнікі раяць "надзейным" назіральнікам пры сыходзе з участка пакідаць на сваіх месцах асабістыя рэчы, каб стварыць ілюзію недахопу месца для "альтэрнатыўных" назіральнікаў. У парадах чыноўнікаў згадваецца чалавек, якога называюць "адказным назіральнікам" і "адказным назіральнікам ад выканкама".
— Што да асноўнага дня галасавання, то неабходная прысутнасць усіх пяці назіральнікаў, у тым ліку адказнага ад выканкама. У восем раніцы павінны прысутнічаць усе пяць чалавек, а далей — дзейнічайце па неабходнасці. "Месца занятае", нататнік, ручку пакідаеце на месцы. Пры неабходнасці выклікаюцца ўсе назіральнікі, каб ніхто не змог заняць ваша месца.
Крыху пазней з залы гучыць пытанне: ці трэба ўсім пяцярым назіральнікам прысутнічаць падчас падліку галасоў.
— Што да падліку галасоў, трэба дзейнічаць па сітуацыі. Адказны назіральнік як бы павінен быць па інструкцыі падчас падліку галасоў. Але гэты момант рэгулюе адказны назіральнік ад выканкама сумесна са старшынёй камісіі. Калі вам скажуць: дзякуй, ваша місія выканана, адпаведна...
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.