Ван Бар: Чалавечая годнасць не мае бар'ераў. Правы чалавека ўніверсальныя
У студыю Еўрарадыё завітаў амбасадар па правах чалавека Каралеўства Нідэрландаў Кейс ван Бар.
Ён падзяліўся сваім меркаваннем наконт таго, чаму патрэбная абарона правоў чалавека. Таксама ван Бар распавёў, ці магчыма вырашыць праблемы з правамі чалавека ў Беларусі як непасрэдна ўнутры нашай краіны, так і на міжнародным узроўні.
Еўрарадыё: Як амбасадар па правах чалавека, на якіх праблемах у Беларусі вы сканцэнтравалі б сваю ўвагу ў першую чаргу? Ці існуюць, на вашу думку, шляхі іх вырашэння як унутры нашай краіны, так і на міжнародным узроўні?
Кейс ван Бар: Адказваючы на ваша пытанне, хачу адзначыць: вельмі важна тое, што калі мы гаворым пра падтрымку правоў чалавека, мы маем на ўвазе падтрымку грамадства. Іншымі словамі, людзей, якія маюць магчымасць карыстацца сваімі правамі дзеля развіцця ўсёй супольнасці. Калі мы гаворым пра правы чалавека, мы таксама маем на увазе ў першую чаргу чалавечую годнасць.
Вельмі важна, каб людзі маглі свабодна выказваць свае меркаванні. Таксама важна, каб людзі мелі доступ да інфармацыі праз інтэрнэт, праз смартфон, каб маглі свабодна слухаць музыку, якая ім падабаецца, глядзець фільмы, якія яны хочуць. Каб усё гэта было магчыма без нейкіх абмежаванняў ці блакавання доступу да інфармацыі з боку ўладаў.
Таксама істотна, каб людзі мелі магчымасць збірацца з сябрамі, каб сумесна бавіць час ці зняць відэа альбо рабіць, што заўгодна, ведаючы, што над табой не вісяць нервовыя ўлады, якія баяцца, што, збіраючыся разам, вы можаце ўяўляць сабой небяспеку для дзяржавы.
Яшчэ адзін важны момант гэта тое, што, калі людзі з’яўляюцца часткай нейкай меншасці, напрыклад, яны ружовага колеру, то яны маюць права называцца ружовымі. І гэта не мусіць трактавацца як злачынства. Ці, калі мужчыне падабаецца цалаваць мужчыну, то, калі ласка, цалуйся. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што гэта не злачынствы, якія ствараюць небяспеку дзяржаве.
Мы працуем на розных узроўнях — мясцовым, на узроўні Еўрапейскага саюза. Мы таксама працуем на міжнародным узроўні, напрыклад, у межах АБСЕ. Дарэчы, акурат цяпер у Варшаве праходзіць міжнародная сустрэча па чалавечым вымярэнні АБСЕ. Можа гэта гучыць крыху складана, але гэта проста сустрэча паміж рознымі людзьмі. І гэта не толькі сустрэча прадстаўнікоў урадаў краін-удзельнікаў АБСЕ (іх цяпер 57), але таксама прадстаўнікоў розных грамадскіх арганізацый (праваабарончых ці тых, што займаюцца свабодай СМІ, свабодай інтэрнэта і г.д.). На форуме АБСЕ прысутнічаюць людзі з разнастайных арганізацый. Яны разам сядзяць за адным сталом і выказваюць свае меркаванні і погляды, крытыкуюць свае ўрады ці ўрады іншых краін. Усё гэта адбываецца ў вольнай атмасферы. Такія сустрэчы праводзіць вельмі важна.
Еўрарадыё: Ваш папярэднік Ліянель Веер у інтэрв’ю Еўрарадыё казаў, што “яго галоўнай задачай з’яўляецца дыялог з урадамі, НДА, групамі грамадзянскай супольнасці з розных краін”. Ці быў прагрэс ў гэтай сферы дзейнасці? Ці будзе вы працягваць працу свайго папярэдніка, альбо ў вас з’явяцца нейкія іншыя прыярытэты?
Кейс ван Бар: Зразумела, так. Як я ўжо казаў, на сустрэчы па чалавечым вымярэнні ў Варшаве цяпер размаўляюць прадстаўнікі ўрадаў з прадстаўнікамі арганізацый грамадзянскай супольнасці і НДА. Гэта прыклад таго, як адбываецца такі дыялог. Людзі выказваюцца свабодна, крытыкуюць адно аднаго. Беларусь таксама бярэ ўдзел у гэтай канферэнцыі.
Яшчэ адным механізмам з’яўляецца ААН, а менавіта Універсальны перыядычны агляд Савета ААН па правах чалавека.
Еўрарадыё: Вы працавалі доўгі час у Афрыцы, цікава, як адрозніваюцца парушэнні правоў у заходнееўрапейскіх краінах, у Афрыцы і ва Усходняй Еўропе і што агульнага.
Кейс ван Бар: Гаворачы пра правы чалавека, мы гаворым пра чалавечую годнасць, а яна аднолькавая ва ўсім свеце. У адказах на вашы папярэднія пытанні я казаў, што вельмі актуальныя правы меншасцяў і жанчын. Але гэта не азначае, што мы, як праваабаронцы, патрабуем асобных правоў для асобных сацыяльных груп. Не. Мы кажам, што правы чалавека аднолькавыя для ўсіх — меншасцяў, жанчын і г.д. Няма нейкіх асаблівых правоў для розных груп. Гаворачы пра тое, што агульнае, хачу адзначыць, што гэта ненармальна, калі НДА не могуць свабодна выконваць сваю працу ў самых розных краінах свету. Іх праца знаходзіцца пад ціскам, і гэта агульная рыса для розных краін.
Еўрарадыё: З-за эканамічных санкцый ЕС можа пацярпець не толькі эканоміка Расіі, але і краін Еўрасаюза. Ці вартыя правы чалавека эканамічных страт?
Кейс ван Бар: Замежная палітыка Нідэрландаў мае тры асноўныя мэты: дабрабыт, бяспека і правы чалавека, яны недзялімыя. Мы не працуем толькі для адной мэты, а адразу для ўсіх. Вось чаму мы таксама падтрымліваем іншыя арганізацыі у краінах-удзельніцах АБСЕ, напрыклад, у Беларусі, якія хацелі б мець магчымасць свабодна працаваць. Зразумела, мы не хочам, каб іншыя краіны пераймалі прыклад Беларусі ў абмежаваннях для працы НДА альбо доступу да інтэрнэта. Скажам, людзі маюць смартфон, але што яны могуць з ім зрабіць, калі гэта дзяржава вырашае, якую інфармацыю грамадзяне могуць атрымаць з дапамогай гэтага смартфона. Для нас гэта няправільны накірунак развіцця, таму што гэта не дапамагае людзям, правам чалавека і чалавечай годнасці.