Варшаўскі аэрапорт быў паралізаваны пасля аварыйнай пасадкі самалёта

Варшаўскі аэрапорт быў паралізаваны пасля аварыйнай пасадкі самалёта

Падчас пасадкі ў варшаўскім аэрапорце імя Шапэна ў Bombardier Q400 авіякампаніі LOT склалася насавая стойка шасі. Пярэдняя частка самалёта апынулася на зямлі. Гэта адбылося 10 студзеня ў 19:19 па варшаўскім часе (21:19 па Мінску), паведамляе сайт www.avianews.com.

Здарэнне на 4 гадзіны заблакавала працу аэрапорта, бо паветраныя вароты Варшавы маюць скрыжаваныя палосы. Пасажыры, якія ўжо сядзелі ў самалётах, вымушаныя былі вярнуцца ў будынак аэравакзала. У 23:15 (01:15 па мінскім часе) аэрапорт аднавіў паветранае спалучэнне.

Інцыдэнт адбыўся з бортам 2012 года выпуску, які выконваў рэйс з Кракава ў Варшаву. Па звестках авіякампаніі, на борце былі 59 чалавек і чатыры члена экіпажа. Ніхто з іх не пацярпеў.

Першапачаткова польскія СМІ паведамілі, што ў самалёта ўвогуле не выйшла пярэдняя стойка шасі. Пазней прэс-сакратар LOT Адрыян Кубіцкі распавёў, што насавая пара шасі не зафіксавалася, і стойка склалася ўжо падчас пасадкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі