Баі ў Нагорным Карабаху: збітыя верталёты, падбітыя танкі, забітыя салдаты

Баі ў Нагорным Карабаху: збітыя верталёты, падбітыя танкі, забітыя салдаты

У ноч на суботу, 2 красавіка, паміж Арменіяй і Азербайджанам пачаўся ваенны канфлікт на спрэчнай тэрыторыі — у Нагорным Карабаху. Баку заяўляе, што азербайджанскія падраздзяленні, якія знаходзяцца ў зоне канфлікту, былі абстраляныя з артылерыі, мінамётаў і гранатамётаў. Ерэван сцвярджае, што першай артылерыю выкарысталі азербайджанцы, пасля чаго ў атаку пайшлі танкі і верталёты, інфармуе ВВС.

Як паведамляе meduza.io, ерэванскі бок заявіў, што каля населенага пункта Мартуні азербайджанскія войскі выкарысталі ўстаноўкі залпавага агню "Град", загінула 12-гадовае дзіця. Баку паведаміў пра 12 загінулых азербайджанскіх салдат, быў збіты адзін верталёт Мі-24, на міне падарваўся адзін танк. Паводле звестак азербайджанскіх СМІ, армянскія войскі панеслі значныя страты (называюцца, відаць, завышаныя лічбы — 6 падбітых танкаў, 15 артылерыйскіх установак, 100 забітых і параненых армянскіх вайскоўцаў). У Баку заявілі, што, нібыта, занялі некалькі важных вышыняў і населеных пунктаў. Армія непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі сцвярджае, што азербайджанцы насамрэч страцілі два верталёты, два беспілотнікі і тры танкі.

Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін заклікаў бакі канфлікту неадкладна спыніць агонь і "праявіць стрыманасць". Са сваімі калегамі з Арменіі і Азербайджана звязаўся расійскі міністр абароны Сяргей Шайгу, які абмеркаваў з імі магчымыя меры па стабілізацыі ў зоне канфлікту.

У суботу адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым. Кіраўнік Беларусі выказаў заклапочанасць сітуацыяй у зоне канфлікту. Аліеў "у дэталях" праінфармаваў Лукашэнку пра сітуацыю, паведамляе БЕЛТА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі