Верасень "Караблі"

“Пяшчота без цукровага сіропу і драйв без істэрыкі” — такія мэты паставілі сабе музыкі гурта “Верасень” на чале з Вольгай Акуліч і напісалі альбом “Караблі”. У пласцінцы гаспадарыць атмасфера рамантычнасці, задуменных даляглядаў і ўзнёслага пафасу. Удзельнікі гурта кажуць, што музыка альбома мае прымусіць слухача задумацца.


Тры гады таму Вольга Акуліч і “Верасень” прэзентавалі дэбютнік “Трохкутнік”. Аўтарская песня Вольгі апранулася ў лёгкія шаўкі і элегантныя капялюшыкі. Альбом падкупляў сваёй чысцінёй і ціхім апавяданнем. У параўнанні з папярэднікам, “Караблі” гучаць больш маштабна і з прэтэнзіяй. Праўда, акурат цукровага сіропу з істэрыкай тут часам не стае: усё роўна, выверана і сур’ёзна. У альбоме амаль не сустрэнеш ні вар’яцкай забіяцкасці, ні абветранай былінкі, ні лішняй ноты. Вольга з “Вераснем” спрабуюць максімальна адрачыся ад свайго бардаўскага мінулага. Праўда, менавіта тэксты не заўсёды дазваляюць музыкам справіцца з гэтай задачай.


Відавочна, што за тры года “Верасень” пасталеў, набыў сваё гучанне, фішкі і публіку. Дзяўчынка-аблачынка Вольга цяпер — гэта лэдзі, якая моцна трымае лейцы свайго Пегаса. Хочацца пажадаць камандзе смялей ісці па свеце і знайсці свайго саўндпрадзюсара, які павядзе гурт у нагу з часам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі