Віцебскага мастака асудзілі на два гады калоніі за замах дубінкай на міліцыянта

Віцебскага мастака асудзілі на два гады калоніі за замах дубінкай на міліцыянта

27-гадовы мастак з Віцебска Уладзіслаў Макавецкі асуджаны на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Такое рашэнне вынесла 16 снежня суддзя Сняжана Кіндзеева з суда Кастрычніцкага раёна Віцебска. 

Віцябляніна прызналі вінаватым у гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка ўнутарных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэкса). Пракурор прасіў прызначыць яму тры гады пазбаўлення волі, піша праваабарончы сайт "Вясна".

Акрамя таго, яшчэ да суда Макавецкі выплаціў кампенсацыю міліцыянтам за маральную шкоду: 200 рублёў малодшаму сяржанту Аляксандру Пятроўскаму і 200 рублёў старшаму сяржанту Дзмітрыю Фядотаву.

Макавецкага вінавацяць за падзеі 6 верасня падчас вулічнага шэсця на вуліцы Праўды: у той дзень у Віцебску адбылася масавая бойка пратэстоўцаў з міліцыянтамі. Паводле абвінавачання, ён перашкаджаў законным дзеянням міліцыянтаў, замахваўся на Фядотава "рукамі і нагамі", спрабаваў стукнуць яго і вусна пагражаў. Таксама міліцэйскім гумовым дручком, паднятым з зямлі, ён замахнуўся ў бок Пятроўскага. Сам Пятроўскі патлумачыў суду: "Палка ў мяне ўпала, бо ў нейкі момант спацелі рукі".

Адвакатка Макавецкага ў сваім выступе заявіла, што яго віна ў судовым следстве так і не была даказаная і што ў яго дзеяннях не было складу злачынства. 20 верасня яна даведалася пра траўмы, атрыманыя Макавецкім і хадайнічала пра судова-медыцынскую экспертызу. Аднак экспертыза была праведзеная з вялікай затрымкай, што не дазволіла эксперту вызначыць, ад чаго Макавецкі атрымаў пашкоджанні.

Абаронца падкрэсліла, што бок абвінавачання не знайшоў сведкаў, якія б пацвердзілі, што Макавецкі пагражаў міліцыянтам. Па словах адвакаткі, ніводзін з прад'яўленых пракуратурай доказаў не з'яўляецца безумоўным. Таму яна прасіла апраўдаць свайго падабароннага.

Сам віцяблянін сваёй віны не прызнаў. Ён казаў, што не замахваўся на супрацоўніка дубінкай, не чыніў гвалту і не пагражаў.

Пад вартай у віцесбкім СІЗА №2 ён перабывае з 18 верасня.

Уладзіслаў Макавецкі вядомы як аўтар 23-метровай драўлянай лыжкі, якую выразаў у Беразіне. Таксама ён працаваў у цэнтры рамёстваў у Лёзне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі