Віцебская суддзя спыніла справу журналіста за ўдзел у акцыі і выбачылася
28 верасня суд Першамайскага раёна Віцебска спыніў справу журналіста "Белсата" Змітра Казакевіча — за недаказанасцю віны, піша TUT.by.
Журналіста затрымалі 9 жніўня ў цэнтры Віцебска, калі ўжо зачыніліся ўчасткі для галасавання. Яго адвезлі ў ІЧУ. Суд прызначыў Казакевічу 10 сутак, але за кратамі ён правёў толькі 5. Журналіст выйшаў на волю 14 жніўня, калі ў Беларусі адпускалі многіх затрыманых пасля выбараў.
Праз паўтара месяца пасля тых падзей суд перагледзеў справу і спыніў — за недаказанасцю віны. Сведкі з боку Казакевіча пацвердзілі, што ён працаваў як журналіст. А міліцыянт не змог апазнаць затрыманага і заявіў, што рапарт у справе напісаны не ім.
Суддзя Вераніка Барысава прынесла прабачэнні журналісту.
"Суддзя Вераніка Барысава публічна прынесла мне прабачэнне ад імя суда. Я такога не чакаў! Гэта прэцэдэнт у Беларусі пасля выбараў, каб журналіст, якога абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, выйшаў з суда невінаватым. Але я планую падаваць пазоў на кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды — пяць сутак я правёў у ІЧУ", — заявіў Казакевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.