Віцебскі пракурор стварыў і кіраваў бандай педафілаў — Альянс расследвальнікаў
Віцебскі пракурор трымаў у рабстве непаўналетніх дзяўчынак / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота
У 2000-х гадах у Беларусі дзейнічала банда педафілаў, якую стварыў і кіраваў Аляксандр Ільін. На той час ён займаў пасаду кіраўніка аддзела Віцебскай абласной пракуратуры. Альянс расследвальнікаў Беларусі сумесна з "Кіберпартызанамі" апублікаваў раней невядомы прысуд.
У прысудзе згадваюцца больш за 10 заведама непаўналетніх дзяўчынак, у тым ліку 12-гадовыя. Банда Ільіна ўцягнула іх у занятак прастытуцыяй, палавыя зносіны ды іншыя дзеянні сексуальнага характару. Перад гэтым дзяўчынак шантажавалі, запалохвалі, збівалі.
Як вынікае з прысуду, нярэдка дзяўчынак выкрадалі, вывозілі ў лес у прыгарад Віцебску, распраналі дагала і, звязаўшы, збівалі, трымалі аголенымі на снезе і марозе, прымушалі капаць сабе магілу, у арандаваных кватэрах кайданкамі прышпільвалі да батарэй.
Прычым злачынная група дзейнічала не толькі ў Беларусі. Ільін з ліпеня 2002-га па снежань 2005-га вывозіў дзяўчынак у Маскву і Сочы, дзе яны аказвалі сексуальныя паслугі. Узнагароджанне за сексуальную эксплуатацыю, атрыманае ад кліентаў, ён у дзяўчынак адбіраў.
Пастаўляў Ільін непаўналетніх дзяўчынак і сваім знаёмым сілавікам. Следства выявіла, што гэта былі палкоўнік КДБ Ігар Навіцкі — кіраўнік Полацкага аддзела УКДБ Віцебскай вобласці і палкоўнік міліцыі Барыс Сакалоў — кіраўнік УБЭЗ УУС Віцебскага аблвыканкаму, які пазней атрымаў пасаду намесніка кіраўніка ГУБЭЗ МУС. Таксама ў справе фігуруе бізнесовец з Полацку Уладзімір Захараў, чыё імя супадае з імем уладальніка кампаніі "Гандлёвы дом "Стралец", і нейкі Яцук, чыё прозвішча супадае з прозвішчам былога калегі Ільіна, які працаваў у той час у Віцебскай абласной пракуратуры.
Следства выявіла усіх удзельнікаў і саўдзельнікаў арганізаванай злачыннай групы. Аднак прысуд быў вынесены толькі Ільіну і яшчэ двум "стрэлачнікам" без высокіх пасад. Навіцкі, Сакалоў і Яцук, а таксама іншыя супрацоўнікі пракуратуры да крымінальнай адказнасці не былі прыцягнутыя.
Згодна з матэрыяламі справы, злачынная дзейнасць Ільіна працягвалася па снежань 2005 года. У вышук яго абвясцілі 29 чэрвеня 2007-га, калі ён уцёк ад следства. Затрымалі яго 3 снежня 2009-га ў Краснадары.
Судзіў Аляксандра Ільіна Ваеннны суд. Яго прызналі вінаватым у злачынствах па васьмі артыкулах:
арт. 154 (катаванне заведама непаўналетніх);
арт. 166 (згвалтаванне заведама непаўналетніх);
167 (здзяйсненне дзеянняў сексуальнага характару насуперак волі пацярпелай, пасля здзяйснення згвалтавання, групай асоб, з ужываннем гвалту, паўторна, у дачыненні да заведама малалетняй);
арт. 168 (палавыя зносіны і дзеянні сексуальнага характару з асобамі, якія заведама не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту);
арт. 171 (выкарыстанне занятку прастытуцыяй заведама непаўналетняга, спалучаным з вывазам за межы дзяржавы для занятку прастытуцыяй, здзейсненым арганізаванай групай);
172 (уцягванне заведама непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства шляхам абяцанняў, падману, дамаўленняў, з ужываннем гвалту і з пагрозай яго прымянення, звязаным з уцягваннем непаўналетняга ў арганізаваную групу, ва ўчыненне цяжкага і асабліва цяжкага злачынстваў);
арт. 173 (уцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны);
182 (выкраданне чалавека, здзейсненае ў дачыненні да заведама непаўналетняга, арганізаванай групай, якое суправаджалася пакутамі і катаваннем).
Прысуд займае 59 старонак, з якіх 50 — гэта апісанні сексуальнага рабства і фізічнага гвалту над непаўналетнімі ахвярамі.
У 2013 годзе Ільіна асудзілі да 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці, без пазбаўлення права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасцю (гэта значыць, тэарэтычна пасля вызвалення ён мог працягнуць службу ў пракуратуры).
Пазней з абвінавачвання ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці выключылі артыкулы 154, 168, 173. Агульны тэрмін пакарання яму зменшылі на адзін год.
У кастрычніку 2022-га 53-гадовы Ільін загадкава памёр у шклоўскай калоніі — нібыта ўчыніў суіцыд. На той час яму заставалася да вызвалення менш за тры гады.
З прысуду Ільіну
З прысуду Ільіну
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.