Віцебскі суд: Увесь працэс над “шпіёнам” Гайдуковым будзе закрытым

Пра тое, што на суд над Андрэем Гайдуковым не пусцяць нікога, Еўрарадыё паведамілі ў сектары па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда.



Віцебскі суд: “Ні заўтра, ні ў які іншы дзень трапіць на суд нельга, бо ўвесь працэс будзе ў закрытым судовым пасяджэнні. Гэта ад пачатку прадугледжвалася пастановай аб прызначэнні судовага разбіральніцтва”.



За здраду радзіме аператару Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода “Нафтан” і намесніку старшыні Саюза маладых інтэлектуалаў пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы.



Як вынікае з ліста “шпіёна”, абвінавачваюць яго “ў навязванні Рэспубліцы Беларусь палітычнага курсу, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам, што шукаў фінансаванне на сваю дзейнасць у фондзе пасольства ЗША і ў закліках да кропкавых санкцый”. Такія фармулёўкі можна лёгка прычапіць любому апаненту ўлады, абураецца лідар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў.



Уладзімір Някляеў: “Гэта ўніверсальная схема, па якой можна пераследаваць любога апанента ўлады. Цяпер ужо выглядае, па меншай меры, несур’ёзнай лаянка і несур’ёзнымі выглядаюць нават абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў”.



Не толькі апанентам, але і ўвогуле любому, за выключэннем аднаго, грамадзяніну краіны, удакладняе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. І здзіўляецца, чаму ўлады пайшлі на раскрутку справы Гайдукова ў такі нязручны час.



Анатоль Лябедзька: “Шмат высілкаў кладзецца на нармалізацыю адносін з Захадам. І натуральна, што чарговы судовы палітычны працэс гэтаму не спрыяе — не вельмі ўкладваецца ў сённяшні трэнд”.



У адрозненне ад палітыкаў, праваабаронцы, якія раней адмовілі Гайдукову ў статусе палітзняволенага, працягваюць асцярожнічаць.



“Прэцэдэнт можа быць дастаткова важным. І тое, якім чынам развіваецца судовая практыка па дадзенай катэгорыі спраў, павінна з’яўляцца прадметам грамадскай занепакоенасці. Для таго, каб эксперты, і спецыялісты, і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці маглі аргументавана выказваць меркаванні па гэтай справе, патрэбна адкрытасць судовага працэсу”, — разважае кіраўнік “Цэнтра прававой трансфармацыі” Алена Танкачова.



На недахоп афіцыйнай інфармацыі па справе Гайдукова ўказвае і юрыст Павел Сапелка. Тым не менш, з таго, як развіваецца “шпіёнскі працэс”, робіць невясёлую выснову.



Павел Сапелка: “Той характар абвінавачвання, які выкладзены з пункту гледжання самога Гайдукова, безумоўна, не пакідае месца для сумневаў у тым, што гэтая справа палітычна матываваная. Служыць папярэджаннем усім грамадскім актывістам і засцерагае іх ад любых форм кантактаў з замежнымі арганізацыямі”.



І прыгадвае, як у 2011 годзе рабіў аналіз падрыхтаваных змен у Крымінальны кодэкс.



Павел Сапелка: “У тым аналітычным заключэнні мы звярталі ўвагу на тое, што тыя змены, якія былі ўнесеныя ў Крымінальны кодэкс і якія значна пашырылі паняцце “здрады радзіме”, падобныя на магчымы інструмент прыцягнення да крымінальнай адказнасці проста за грамадскую актыўнасць. Жыццё пацвердзіла, што мы мелі рацыю”.



На думку Уладзіміра Някляева, справа Гайдукова ў любым выпадку завершыцца прысудам — спецслужбы проста не могуць прызнацца ў памылцы. Анатоль Лябедзька на фоне гульні афіцыйнага Мінска з Еўрасаюзам не бярэцца прадказваць вынік гэтай “шпіёнскай справы”. Праваабаронцы і юрысты ўвогуле ўхіляюцца ад любых прагнозаў.

Фота: nn.by, Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі