Віцебскім работнікам заробак "можа быць заменены натуральнай аплатай"?
"Працаваць за міску супу". Такое наогул магчыма? / Еўрарадыё
"Работнікаў ААТ "Віцебскаблаўтатранс" хутка прымусяць працаваць за міску супу. І гэта не фігуральны выраз", — так пішуць у сацсетках пра новую калектыўную дамову віцебскага дзяржаўнага аўтапрадпрыемства.
З 1 жніўня там змяняюцца істотныя ўмовы працы. Сярод іншых пунктаў новай дамовы прысутнічае і такі: "Заработная плата поўнасцю або часткова можа быць заменена натуральнай аплатай".
Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці не жарт гэта, і патэлефанавала ў "Віцебскаблаўтатранс".
— Сапраўды, гэта наша папера, — пацвярджае Еўрарадыё намеснік гендырэктара па ідэалагічнай рабоце Віктар Кожух. — Узятая яна з тыпавой формы, тыпавую форму вырашылі не парушаць. Там [у пункце] стаіць прочырк. Гэта значыць, па гэтай дамове не можа [выдавацца зарплата ў натуральнай форме. — Еўрарадыё]. Калі б было можна, там бы было нешта напісана. Не можа такога варыянта быць, наогул не прадугледжана. Трэба чытаць гэты пункт як "заработная плата не можа быць заменена". Калі б магла, то там было б прапісана, у якіх памерах, якой натуральнай платай.
Удакладняем у ідэолага: супрацоўнікі прадпрыемства могуць не перажываць, што давядзецца працаваць за ежу?
— Не прадугледжана, так, — адказвае Віктар Кожух.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.