Віцебскім журналістам выпісваюць мільённыя штрафы за калектыўныя здымкі
У пятніцу суд аштрафаваў траіх. Яшчэ двух чалавек будуць судзіць у панядзелак, 1 снежня.
У Чыгуначным раённым судзе Віцебску адбыліся суды за фатаграфаванне на фоне графіці. Удзельнікаў фатасесіі прызналі вінаватымі ў несанкцыяваным пікетаванні.
Як перадае Радыё "Свабода", Змітра Казакевіча і Алену Сцяпанаву аштрафавалі на 3 мільёны рублёў кожнага (па 20 базавых велічыняў). Актывістку аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Алену Шабуню — на 2 млн 700 тысяч рублёў (18 базавых), бо ў яе трое дзяцей і яна не працуе.
Суды працягнуцца ў панядзелак, 1 снежня. У гэты дзень будуць судзіць журналіста Кастуся Мардзвінцава і каардынатарку аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Таццяну Севярынец.
Нагадаем, што ў сярэдзіне лістапада на пяцёх віцебскіх журналістаў і грамадскіх актывістаў міліцыянты склалі пратаколы. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыяваным пікетаванні. "Доказам" сталі фатаздымкі з інтэрнэт-сайтаў, дзе некалькі чалавек сфатаграфаваліся побач з графіці.
Суддзі Алена Цыганкова і Дзяніс Губанаў вырашылі, што групавыя фатаздымкі са знаёмымі могуць лічыцца пікетам.
Фота з сацыяльных сетак