Віцяблянка, пагражаючы пісталетам, прымушала прасіць прабачэння
Жыхарка Віцебска, пагражаючы пісталетам, патрабавала ад крыўдзіцеля прабачэнняў.
Як паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама, канфлікт пачаўся паміж удзельнікамі дзвюх кампаній, якія выпівалі — як можна зразумець па відэа, дзесьці ў кафетэрыі.
Пакрыўдзіўшыся на чарговую фразу ў свой бок, жанчына дастала з сумачкі пісталет і пайшла да крыўдзіцеля. Яна спрабавала ўзяць яго на прыцэл і патрабавала прабачэнняў.
Работнікі ўстановы здолелі выбіць пісталет у раз'юшанай віцяблянкі. Зброю схавалі, а потым перадалі міліцыянтам. Выявілася, што гэта пнеўматычная зброя. Да міліцыянтаў жа на наступны дзень звярнуўся і пакрыўджаны мужчына.
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС Віцебска знайшлі гаспадыню пісталета. Гэта 50-гадовая віцяблянка. Яна прызналася, што напярэдадні была на эмоцыях і перажывае за свой учынак.
Жанчына сказала, што пісталет набыла некалькі гадоў таму і насіла яго з сабой для самаабароны. На яе пачалі крымінальную справу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.