Віктар Дробыш пра выступ Айвана: Тое, што трэба, мы атрымалі

Віктар Дробыш пра выступ Айвана: Тое, што трэба, мы атрымалі

Прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні-2016" IVAN не выйшаў у фінал конкурса. Ці справіўся малады артыст з пастаўленай задачай, ці былі астатнія ўдзельнікі паўфіналу мацнейшыя за Айвана і што далей чакае гамяльчаніна, Еўрарадыё запытала ў Віктара Дробыша.

Віктар Дробыш: Мы можам ганарыцца ўсім, што адбывалася на сцэне, і ў першую чаргу — артыстам. Я лічу, што Саша зрабіў усё як трэба. Ён годна праспяваў, нумар быў добры, фактычна, усё атрымалася. Але тут грае ролю непрадказальнасць... Ну, што рабіць, трэба жыць далей. Але шкада. Шкада, бо мы не змаглі падняць сцяг, калі будзе галасаванне ў фінале. А так, у прынцыпе, тое, што трэба, мы атрымалі. І вядомасць Сашына паднялася на іншы ўзровень. І ўсе звярнулі на яго ўвагу. І песня зайграла ў Еўропе на розных радыёстанцыях, і, дарэчы, не факт што будзе гучаць менш, чым песня пераможцы. Але, натуральна, шкада. Прайграваць заўсёды кепска. Іншая справа, бывае, прайграеш з нейкай горыччу і думаеш, што нічога не зрабіў, не падрыхтаваўся. А ў дадзенай сітуацыі, бачыць Бог, мы патрацілі шмат сілаў, часу, і самае галоўнае, што па канцоўцы амаль усё атрымалася. Былі недахопы, гэта зразумела, але яны нязначныя.

Еўрарадыё: Тыя, хто прайшоў у фінал, сапраўды мацнейшыя за Айвана?

Віктар Дробыш: Мяркуючы па тым, што гучала, я там асабліва канкурэнтаў для Сашы апроч двух-трох краін і не бачыў. Ды і тыя, хто прайшоў, гэта такое пушачнае мяса... Я не ведаю, навошта... Ні музыкі, ні нумара. Нічога не маю супраць Грузіі, але нумара там няма — гэта проста самадзейнасць. Я шмат часу праводжу з музыкай, таму, мне падаецца, маю права на меркаванне.

Еўрарадыё: Чаго чакаць ад Аляксандра Іванова ў бліжэйшы час?

Віктар Дробыш: Цяпер нам трэба заняцца творчасцю рознабакова. То бок, мы з-за "Еўрабачання" некалькі апусцілі рукі ў расійскім шоў-бізнесе, у заходнім таксама. Нам трэба выпусціць некалькі песень і ўсё ж даказаць, што Саша — малайчына, што ён — артыст.

Еўрарадыё: Ці ёсць верагоднасць, што Саша заспявае па-беларуску?

Віктар Дробыш: Ды з задавальненнем. Гэта ўвогуле не пытанне, гэта толькі справа часу, думка гэтая ў нас ёсць даўно. Але я не люблю, калі ў творчасці ёсць нейкія абавязальніцтвы, прывязкі. Вось выступіў, цяпер трэба тэрмінова заспяваць па-беларуску, глядзіш, падтрымаем народную любоў. Але калі гэта няшчыра, надумана, прыроблена, зроблена па замове, гэта не працуе. Усё мусіць быць натуральна. Калі атрымаецца нешта годнае, тады і запішам.

Віктар Дробыш пра выступ Айвана: Тое, што трэба, мы атрымалі
Фота: eurovision.tv

Еўрарадыё: За каго будзеце балець у фінале "Еўрабачання"?

Віктар Дробыш: Ведаеце, відаць, не буду за некага балець. Мне неяк дастаткова... Не бачу яўнага героя. Няма такога выканаўцы, за якога захацелася б прагаласаваць. Няма Рыбака, няма Ларын. Неяк так...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі