Вікторыя Азаранка на US Open стартавала з перамогі
Беларуска Вікторыя Азаранка (79-е месца ў рэйтынгу WTA) пачала свой выступ на адкрытым чэмпіянаце ЗША з перамогі.
У 1/64 фіналу наша тэнісістка выйграла ў 20-гадовай славачкі Вікторыі Кужмавай (56) — 6:3, 7:5. Паядынак доўжыўся 1 гадзіну 28 хвілін. У другім раўндзе супраць Азаранка выйдзе 24-гадовая ўраджэнка Масквы Дар'я Гаўрылава (24).
Перад Азаранка перамогу на кортах Нью-Ёрка атрымала яшчэ адна наша суайчынніца — Вера Лапко (72): яна перамагла ўкраінку Кацярыну Бандарэнка (86) — 6:3, 6:3. Наступнай саперніцай Веры Лапко стане бельгійка Элізе Мертэнс (15).
Свае першыя матчы на турніры сёння ўвечары правядуць яшчэ дзве беларускія тэнісісткі. Аляксандра Сасновіч (33) выйдзе супраць швейцарскай тэнісісткі Белінды Бенчыч (38), а Арына Сабаленка (20) — супраць амерыканкі Даніэле Колінз (37).