Візавае пагадненне Беларусі і ЕС можа пачаць дзейнічаць у чэрвені 2020-га
8 студзеня ў Бруселі паміж Беларуссю і ЕС былі падпісаныя пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Візавае пагадненне можа пачаць дзейнічаць толькі ў чэрвені 2020-га, паведамляе прэс-служба Еўракамісіі. Менавіта тады візы для беларусаў будуць каштаваць 35 еўра (цяпер — 60). Пакуль жа пагадненні мусяць прайсці ратыфікацыю ў Нацыянальным сходзе Беларусі і ў Еўрапарламенце, Савеце ЕС. Мяркуецца, што гэта адбудзецца ў адзін дзень у пачатку лета.
Як вядома, 2 лютага пачне дзейнічаць новы візавы кодэкс Еўрасаюза і шэнгенскія візы для краін, з якімі у ЕС няма адпаведнай дамовы, будуць каштаваць 80 еўра. Беларусам таксама давядзецца плаціць такі кошт, замест цяперашніх 60. Але такое падаражанне будзе дзейнічаць для грамадзян Беларусі некалькі месяцаў — да ўступлення ў сілу візавага пагаднення. Тады шэнгенскія візы будуць каштаваць 35 еўра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.