Візавыя цэнтры Польшчы ў Гродне і Лідзе мяняюць правілы прыёму дакументаў
У візавым цэнтры
Падаць заявы ў візавыя цэнтры Польшчы ў Гродне і Лідзе з 25 чэрвеня змогуць толькі мясцовыя жыхары. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце кампаніі, якая з'яўляецца афіцыйным партнёрам амбасады Польшчы ў Беларусі.
"З 25 чэрвеня 2024 г. грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць падаць дакументы ў візавых цэнтрах Польшчы ў Гродне і Лідзе ў адпаведнасці з рэгістрацыяй паводле месца жыхарства (пастаянная рэгістрацыя / штамп у пашпарце)", — гаворыцца ў аб'яве. Пры гэтым рэгістрацыя паводле месца знаходжання, калі яна адрозніваецца ад рэгістрацыі паводле месца жыхарства, падставай для падачы дакументаў не лічыцца. Але заяву могуць прыняць, калі грамадзянін зможа дакументальна пацвердзіць, што ён "сапраўды вучыцца, працуе, мае іншыя падставы доўгатэрміновага пражывання" ў гэтым рэгіёне.
"Такім чынам, грамадзяне Рэспублікі Беларусь змогуць падаваць дакументы толькі ў тых візавых цэнтрах Польшчы, якія адпавядаюць юрысдыкцыі месца іх рэгістрацыі паводле месца жыхарства", — адзначылі ў кампаніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.