Vovan222: Каб паразмаўляць з Пуціным, спатрэбіцца больш складаная схема
Ці баіцца ён помсты Лукашэнкі, як знайшоў нумар беларускага кіраўніка, калі плануе разыграць Пуціна, расказвае вядомы пранкер Vovan222
Еўрарадыё: Ужо не сакрэт, што менавіта вы ад імя Януковіча-малодшага тэлефанавалі Аляксандру Лукашэнку. Нумар тэлефона адкуль узялі?
Vovan222: Я займаюся гэтым ужо даўно, такімі пранкамі, з зоркамі, з палітыкамі, таму ў мяне ўжо напрацавалася пэўная база і прафесійныя магчымасці, адпаведныя здольнасці, неабходныя для таго, каб здабыць патрэбны тэлефон. Не ўсе, канечне, тэлефоны, але што-нішто я магу.
Еўрарадыё: Але здабыць прамы нумар кіраўніка Беларусі, мяркую, вам усё ж наўрад ці ўдалося?
Vovan222: Безумоўна. Я ўвогуле сумняваюся, што ў яго ёсць асабісты мабільны тэлефон, з якім ён ходзіць пастаянна — гэта небяспечна. Уся сувязь ажыццяўляецца праз сакратароў, камутатары, ад’ютантаў. Акурат праз гэтых людзей я і спрабаваў датэлефанавацца.
Еўрарадыё: І няўжо ніякім чынам не праверылі, што вы сапраўды той, кім назваліся?
Vovan222: Нават не ведаю… Відаць, гэта ўсё ж пытанне не да мяне. Але калі мяне з ім усё ж злучылі, то я думаю, што ўсё прайшло выдатна!
Еўрарадыё: Ці была нейкая звышмэта ў гэтага пранку?
Vovan222: Найперш было цікава, ці ўдасца мне датэлефанавацца да першай асобы дзяржавы. І другое: які Аляксандр Рыгоравіч ў “жывой” размове — не на камеру, не для прэсы? Ды і ніякіх сенсацыйных рэчаў ён не сказаў, бо разумеў, што небяспечна гаварыць па тэлефоне на такія тэмы. Ён, у прынцыпе, сказаў, што падрабязнасці “пры асабістай сустрэчы”. Ну, і хацелася даведацца, ці дасць ён прытулак Януковічу і яго сям’і.
Еўрарадыё: Як выбіралі тэму новага пранку? Чаму менавіта кіраўнік Беларусі?
Vovan222: Таму што гэты чалавек пры ўладзе ўжо даўно, гэта чалавек харызматычны. І мне было цікава з ім пагаварыць. Тым больш што стварылася сітуацыя, якую я мог бы выкарыстаць. Разумееце, тэлефон жа ў гэтай справе далёка не галоўная рэч. Галоўнае, каб вас злучылі, у дадзеным выпадку з Аляксандрам Рыгоравічам.
Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі пагаварыць наконт прытулку для Януковіча, а не пра зніжку на расійскі газ, напрыклад?
Vovan222: Я выбіраў такую тэму, каб ён (Лукашэнка — Еўрарадыё) захацеў са мной пагаварыць. І дзіўна было б, калі б сын Януковіча тэлефанаваў на тэму газу. А тут дастаткова прыватны званок сына, не сам Віктар Фёдаравіч тэлефануе. Асабісты момант і, да ўсяго, ён абяцаў публічна, што няхай прыязджае Януковіч у Беларусь, і мы тут яго з радасцю прымем. Вось, захацелася даведацца, ці сапраўды гэта так.
Еўрарадыё: Да размовы як рыхтаваліся? Вы голас Януковіча-малодшага чулі?
Vovan222: Неяк давялося. Але я сумняваюся, што Лукашэнка чуў голас Януковіча-малодшага. Як, у прынцыпе, і атачэнне яго — гэта дастаткова закрыты чалавек. Ён амаль не дае каментараў, амаль не “свеціцца”. Што да тэмы, то я яе распрацаваў да размовы, пра што хачу пагаварыць, прадумаў асноўныя пытанні, адказы на якія хацеў пачуць. Усё астатняе — імправізацыя. Напрыклад, пра залаты батон.
Еўрарадыё: Навошта вы ўвогуле пра яго казалі, не баяліся “папаліцца”?
Vovan222: Хацелася ў сур’ёзную размову ўнесці троху гумару. Здаецца, атрымалася. Гэта было больш сказана не для Лукашэнкі, а для слухачоў. Нічога, здаецца ён гэта ўспрыняў як жарт і сам пасмяяўся. Не думаю, што ён у думках уяўляў, як будзе трымаць у руках гэты скарб сям’і Януковічаў. Гэта, мне падаецца, быў мілы добры жарт, на які нельга было б пакрыўдзіцца — усё было ў межах.
Еўрарадыё: Падзеліцеся нумарам, па якім дазваніліся Лукашэнку?
Vovan222: Не вельмі хочацца — захаваю яго ананімнасць, каб ніхто больш не тэрарызаваў “іх”. Хаця яны, відаць, і так пакрыўдзяцца. Да ўсяго, я яшчэ не разабраўся, які гэта тэлефон быў — стацыянарны ці мабільны. Там усяго тэлефоны чатыры было, калі я не памыляюся.
Еўрарадыё: Патэлефанавалі вы, назваліся, вам абяцалі перазваніць і праз колькі часу перазванілі?
Vovan222: На наступны дзень раніцай. Проста Аляксандр Рыгоравіч быў заняты, ён быў на мерапрыемстве вечарам і таму на наступны дзень толькі перазваніў.
Еўрарадыё: Гэты перазвон стаў для вас нечаканасцю?
Vovan222: Не асабліва. Хоць і разглядалася такая імавернасць. Шанцы былі, я думаю, дзесьці 50 на 50, і толькі ад яго залежала, прымаць мой званок ці не.
Еўрарадыё: Не баіцеся, што кіраўнік Беларусі пакрыўдзіцца на такі жарт, і вам паспрабуюць нейкім чынам адпомсціць — неўязным зробіць ці яшчэ што?
Vovan222: Я пакуль не збіраюся ў Беларусь… Увогуле, я не зазіраў у доўгатэрміновую перспектыву. Я не думаю, што ўсё так сур’ёзна. Задумацца трэба ў першую чаргу не пра мяне, а пра тое, якім чынам гэты запіс патрапіў у сеціва. Бо публікаваў гэта не я. Можа, нейкія спецслужбы нас праслухоўвалі. Можа, заходнія, можа, СБУ. Я быў вельмі здзіўлены, калі ў нядзелю позна ноччу спачатку ўсплыла тэкставая расшыфроўка нашай размовы ў аднаго з украінскіх журналістаў, а на наступны дзень запіс з’явіўся на адным украінскім сайце. І гэтыя асобы запіс уключылі раней, чым гэта зрабіў я. Таму я лічу, што нехта падслухаў нашу размову, сапраўды прыняў мяне за Януковіча і зліў размову кіеўскім уладам.
Еўрарадыё: Такім чынам, вы не думаеце, што адпачатку праслухоўвалі менавіта вас?
Vovan222: Не думаю, што я такая фігура, што мяне трэба пастаянна праслухоўваць.
Еўрарадыё: У панядзелак вы ізноў пателефанавалі ў Мінск па вядомым тэлефоне і падзяліліся сваімі назіраннямі з “ад’ютантамі” Лукашэнкі. Як яны паставіліся да прызнання, што сталі ахвярай вядомага пранкера?
Vovan222: Не, што вы — я ім яшчэ і тады не прызнаваўся! Я ім ізноў як Віктар Віктаравіч тэлефанаваў. Звярнуў увагу на праслухоўку і сказаў, што хацеў бы з Аляксандрам Рыгоравічам яшчэ раз абмеркаваць раней узнятую тэму. На што мне сказалі, што ён не хоча “другі раз наступаць на тыя ж граблі і калі мы нешта яшчэ хочам абмеркаваць, то толькі пры асабістай сустрэчы” . А што да праслухоўкі, то яны палічылі, што яна была з майго боку, дакладней, з боку Віктара Віктаравіча. На што я адказаў, што гэта немагчыма і што я падключыўся да размовы пазней, чым запіс пачаўся. Яны адказалі, што звернуць на гэты момант увагу, паглядзяць, і на гэтым размова завяршылася.
Еўрарадыё: Не думаеце, што пасля гэтай размовы і рэакцыі на яе ў свеце прытулку Януковічу ў Беларусі могуць і не даць?
Vovan222: Мяркую, што калі сапраўдны Януковіч захоча звярнуцца да Лукашэнкі, ён знойдзе магчымасць паказаць, што ён сапраўдны, “жывы”, як ён казаў падчас прэс-канферэнцыі. Думаю, гэта можна зрабіць і праз беларускую амбасаду.
Еўрарадыё: А як наконт таго, што вы маглі пакрыўдзіць сябра вашага расійскага кіраўніка? Неяк непаліткарэктна...
Vovan222: Я сумняваюся, што яны ў такіх сяброўскіх адносінах, што Лукашэнка будзе тэлефанаваць Пуціну і скардзіцца на мяне, прасіць прыняць меры. Неяк не той гэта ўзровень.
Еўрарадыё: Лукашэнка, можа, і не будзе, але могуць, да прыкладу, звярнуцца з такімі словамі з беларускага КДБ у ваш расійскі ФСБ…
Vovan222: Сумняваюся. Гэта паказвала б іх непрафесіяналізм у гэтым сэнсе — калі яны будуць тэлефанаваць і скардзіцца на мяне. Неяк нават смешна выглядае, мне падаецца.
Еўрарадыё: Няма жадання правесці журналісцкае расследаванне і даведацца, адкуль ва ўкраінскіх калег з’явіўся запіс гэтай размовы?
Vovan222: Я не думаю, што Мустафа Наем раскрые сваю крыніцу. Мяркую, што гэта зрабіў нехта з кіеўскіх уладаў — ён з імі супрацоўнічае. Але я не думаю, што ён будзе рассакрэчваць крыніцы. Хутчэй людзі, якія перадалі яму гэты запіс, супрацоўнічаюць з іншымі спецслужбамі — людзьмі, якія слухалі Лукашэнку. Думаю, ён будзе маўчаць.
Еўрарадыё: Праславілі на ўвесь свет кіраўніка суседняй краіны. А слабо ўзяць ды патроліць Пуціна?
Vovan222: Ну, не ведаю. Я не супраць патэлефанаваць — дайце мне спосаб гэта зрабіць!
Еўрарадыё: Гэта вы прафесійны пранкер, вось і пакажыце свой прафесіяналізм!
Vovan222: Яно так, але тут больш складаная схема будзе… Будзем думаць. Мяркую, цяпер яны ўсё будуць насцярожаныя, трэба перачакаць.
Еўрарадыё: Праблем пасля пранкаў з іншымі людзьмі, тым жа Чуравым, у вас не было?
Vovan222: Не, неяк не па статусе крыўдзіцца на такія розыгрышы людзям такога ўзроўню. Лепш проста прамаўчаць.
Еўрарадыё: Вам пасля вашага прызнання больш не тэлефанавалі “ад’ютанты” беларускага кіраўніка?
Vovan222: Не, з Беларусі тэлефанавалі толькі прадстаўнікі беларускай прэсы.
Еўрарадыё: Як стаць паспяховым пранкерам?
Vovan222: Вой, лепш гэтым не займацца — пакіньце гэта мне!
Еўрарадыё: Не хочаце дзяліцца?
Vovan222: Прыблізна так. Я ўжо ёсць, хопіць, больш Лукашэнка не вытрымае!
Еўрарадыё: Што апроч маральнага задавальнення прыносяць вам вашы розыгрышы? Вас людзі на вуліцы пазнаюць?
Vovan222: У матэрыяльным плане яны, на жаль, мала што даюць. У мяне ёсць асноўная праца, а на гэтым я не зарабляю. Палітычныя рэчы я раблю толькі з асабістай цікавасці і калі ёсць інфармацыйная нагода. На такіх рэчах лепш не зарабляць і заставацца палітычна нейтральным — каб цябе не абвінавацілі ў перадузятасці. Што да вядомасці, то і ў Маскве, і ў Кіеве людзі на вуліцы пазнавалі — ёсць крыху.
Фота: З архіва Vovan222