Войскі NATO пачалі вучэнні на захадзе Украіны
Каля 1300 вайскоўцаў з 15 краін, у тым ліку з ЗША і іншых краін NATO, пачалі вучэнні недалёка ад Львова.
Пентагон заяўляе, што вучэнні былі запланаваныя яшчэ да пачатку цяперашняга крызісу на ўсходзе Украіны, перадае ВВС.
У вучэннях блізу Львова, названых "Хуткі трызубец", прымаюць удзел каля 200 амерыканскіх вайскоўцаў, а таксама вайскоўцы з некалькіх краін NATO і ўсходнееўрапейскіх краін, якія ўваходзяць у праграму NATO "Партнёрства дзеля міру".
На пачатку верасня Паўночнаатлантычны альянс абвясціў пра намер стварыць сілы хуткага рэагавання. Яны могуць быць задзейнічаныя ў любым канфлікце на працягу двух сутак.
Многія краіны-чальцы NATO ва ўсходняй частцы Еўропы асцерагаюцца магчымай агрэсіі з боку Расіі.
Фота — Getty