Вуліца Камсамольская “заржавела” пасля рэканструкцыі за $1,1 млн
На вуліцы Камсамольскай у Мінску заржавелі амаль усе металічныя элементы, якімі яе ўпрыгожвалі. Чыгунныя слупкі і ланцугі, зліўныя рашоткі і ножкі лавак, якія стаяць уздоўж усёй вуліцы — пакрылася іржой абсалютна ўсё, акрамя пліткі, якая вырабленая не з металу.
Цяпер мінчукі са здзіўленнем глядзяць на каляровае афармленне пешаходнай вуліцы, якую адкрылі пасля рэстаўрацыі толькі паўгода таму. Кагосьці “іржавая” вуліца бянтэжыць, а іншыя нават жартуюць, што цяпер усё аформленае ў модным стылі “rustic”.
Як паведамляла Еўрарадыё, летам люкі на Камсамольскай хісталіся і пакрываліся іржой пасля дажджоў. Тады нас запэўнілі, што будаўнікі проста пераблыталі часовыя люкі з пастаяннымі, таму хутка ўсё заменіцца.
Аднак дырэктар прадпрыемства “Тэрмет”, якое вырабіла люкі, адзначаў: “Калі метал (чыгун) не пафарбаваць, дык ён заржавее. Заказчык [“Мінская спадчына”. — Еўрарадыё] у нас афарбоўку не запатрабаваў”.
Агулам, у рэканструкцыю Камсамольскай і суседняй Рэвалюцыйнай гарадскія ўлады ўклалі не менш за 1,1 мільёна долараў. Але грошай на тое, каб пафарбаваць люкі і ланцугі, не знайшлося.
На інтэрактыўным малюнку вы можаце ўбачыць, колькі падчас закупак каштаваў той ці іншы элемент вулічнага афармлення.